В оршанских музейных фондах хранят более 32 тысяч экспонатов

У супрацоўнікаў фондасховішча музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны – ганаровая місія: зберагчы кожны з экспанатаў – маўклівых сведкаў гісторыі – для наступных пакаленняў. Сёння ў фондавых зборах установы культуры – больш за 32 тысячы экспанатаў, кожны год калекцыі павялічваюцца яшчэ больш чым на 700 адзінак. Трапляеш у святая святых музейнага комплексу – фондасховішча – і вочы разбягаюцца.


Фонд музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны пачаў фарміравацца пасля Вялікай Айчыннай вайны, з 1948 года. Паўстаго­ддзя па крупінках супрацоўнікі мемарыяльнага музея Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава збіралі матэрыялы пра партызанскі рух у нашым краі. Плён карпатлівай працы – унікальныя дакументы і фотаздымкі, выклікае цікавасць і калекцыя зброі. Увогуле ж сёння музейныя работнікі могуць прадэманстраваць багатыя рознапрофільныя калекцыі літаратурнага, гісторыка-краязнаўчага, мемарыяльнага, этнаграфічнага, мастацкага накірункаў. У асноўным фондзе музейнага комплексу налічваецца 35 збораў калекцый. Больш за тры тысячы экспанатаў уключае нумізматычная калекцыя, у якой можна ўбачыць манеты Расіі ХV – пачатку ХХ ст., Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Швецыі.
Сёння на ніве гісторыі рупліва шчыруюць галоўны захавальнік Ірына Мікалаеўна Цімашэнка і тры навуковыя супрацоўнікі фондасховішча: Вольга Ігараўна Карава, Таццяна Валер’еўна Сярдзечная і Марына Анатольеўна Каліноўская. Работа, якой яны займаюцца, сапраўды ўнікальная, патрабуе не толькі карпатлівасці, але і любві не проста да гісторыі, а да рэчаў, якія сталі яе ўвасабленнем.
Цікаўлюся, як экспанаты трапляюць да іх. Аказваецца, спецыяльная фондазакупачная камісія вырашае, ці можа нейкі прадмет папоўніць калекцыі. Пры гэтым улічваюцца і гістарычная, і культурная каштоўнасць. Здараецца, што цікавыя рэчы прыносяць іх уладальнікі. Менавіта так стаў музейным экспанатам ручны свідравальны станок ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. А яшчэ фонды музейнага комплексу папаўняюцца падчас правядзення археалагічных раскопак. Напрыклад, у Оршы на тэрыторыі Куцеінскага Богаяўленскага манастыра праводзіліся раскопкі, якімі кіравала Вольга Ляўко з Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Частка экспанатаў зараз захоўваецца ў гэтай установе, некаторыя ж прадметы трапілі ў разнастайныя калекцыі музейнага комплексу.
Экспанаты з фондасховішча мы бачым на выставах у музеях горада, а таксама падчас святочных мерапрыемстваў. Жыхары іншых рэгіёнаў Беларусі таксама змаглі пазнаёміцца з калекцыямі нашага музейнага комплексу. Так, нядаўна на Дубровеншчыне былі выстаўлены драўляныя скульптуры аршанскага разьбяра С. Шаўрова. Людзі, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю, – частыя госці ў фондасховішчы. Для таго, каб мець магчымасць трапіць у фондасховішча і праводзіць даследчую і навуковую працу, неабходна пісьмова звярнуцца да дырэктара музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны.
Няхай жа ваша няпростая праца заўсёды прыносіць вам задавальненне і асалоду. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў культуры – рэдакцыя “Аршанкі” жадае вам дабрабыту і творчых поспехаў.

Марына МАРЫНІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий