Всемирный день сельских женщин: доярки из Лариновки хотят работать лучше и лучше

Ад горада да вёскі Ларынаўка – рукой падаць. Мясціны тут прыгожыя, маляўнічыя, асабліва цяпер, калі на восеньскім сонцы красуюцца дрэвы ў рознакаляровым ўбранні. Менавіта тут жывуць дзве звычайныя вясковыя жанчыны – Святлана Іванаўна Міхайлава і Вольга Мікалаеўна Марчанка. Іх шмат аб’ядноўвае: і любоў да зямлі, і працоўная сцяжынка, па якой яны крочаць побач на працягу многіх гадоў.

доярки

Святлана Іванаўна і Вольга Мікалаеўна – аператары машыннага даення СВК “Ларынаўка”. Сёння яны нават і не ўяўляюць свайго жыцця без сельскай гаспадаркі і вясковых краявідаў, якія даюць натхненне і сілы літаральна ва ўсім.
У працоўнай кніжцы Святланы Іванаўны Міхайлавай усяго адзін запіс – “прынята на работу ў калгас “ Камінтэрн” (зараз СВК “Ларынаўка”). 36 гадоў, што яна аддала роднаму сельгаспрадпрыемству, праляцелі нібы адно імгненне. Узгадвае свой першы працоўны дзень на ферме:
– Мне ўсяго адзін раз паказалі, як кароў даіць, а затым адправілі ў самастойнае плаванне. Безумоўна, з першага разу ў мяне нічога не атрымлівалася, – расказвае С. Міхайлава. – Я хвалявалася, нават плакала, а пазней пачалі прыходзіць вопыт, уменне…
Святлана Іванаўна ўжо сем гадоў на заслужаным адпачынку, але, як жартуе сама даярка, пенсія для сельскіх жыхароў – паняцце адноснае, бо на сяле заўсёды знойдзецца работа. За працоўныя заслугі яна ўзнагароджана медалём, была дэлегатам другога Усебеларускага сходу. А колькі ў яе Ганаровых грамат у спаборніцтвах сярод аператараў машыннага даення, адразу і цяжка падлічыць! Побач са Святланай Іванаўнай на ферме працуе і яе дачка Вольга. А ўсяго ў сям’і Міхайлавых чацвёра дзяцей і пяць унукаў.
У адным працоўным звяне са Святланай Іванаўнай Міхайлавай працуе і Вольга Мікалаеўна Марчанка. На Аршаншчыну разам з сям’ёй яна пераехала 11 гадоў таму з Горацкага раёна. Тут, у Ларынаўцы, адразу атрымалі дом, на працу Вольга ўладкавалася ў мясцовы СВК даяркай.
– Хочацца працаваць усё лепей і лепей, – з натхненнем расказвае пра сваю работу Вольга Мікалаеўна. – Да нас з павагай адносіцца адміністрацыя прадпрыемства, а мы, у сваю чаргу, стараемся апраў­даць давер добрай працай.
І сапраўды, усе ўзнагароды, атрыманыя звяном аператараў машыннага даення, ужо не змяшчаюцца на так званую сцяну гонару. Толькі ў гэтым годзе па вытворчасці малака даяркі малочнатаварнага комплексу “Шугайлава” кожны месяц займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў абласных спаборніцтвах. А па выніках года МТК не аднойчы прызнаваўся лепшым у краіне. Гэта заслуга такіх працавітых, самаадданых і адказных людзей, як Святлана Міхайлава і Вольга Марчанка.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий