Вальсы и полонезы танцевали на рождественском балу в Орше (+фото)

На дзяўчатах замест сумных офісных пінжакоў і спадніц – вытанчаныя сукенкі да падлогі. Хлопцы не ў прывычных джынсах, а ў строгіх смокінгах і пры гальштуках. Гучыць не электронная музыка, а ліецца лірычная інструментальная мелодыя, пад якую галантныя кавалеры запрашаюць прыгажунь на танец. І не спяшайцеся здзіўляцца: лічыце, што вы перанесліся ў недалёкае мінулае. Пракаціцца на машыне часу і трапіць на цудоўны шляхецкі баль у зале гарадскога Палаца культуры “Орша” пашчасціла гараджанам і гасцям у нядзелю, 12 студзеня (на здымках).
Баль – справа сур’ёзная, хоць адразу так падасца не кожнаму. Але ж паспрабуйце вывучыць мудрагелістыя танцы, якія так любілі паненкі і паны. Таму спачатку трэба ўзяць некалькі ўрокаў у майстроў. І хай не ва ўсіх атрымалася выканаць па на “выдатна”, але баль пакінуў толькі найлепшыя ўражанні ў тых, хто назіраў за парамі, якія кружылі ў віхуры танца, і ў саміх удзельнікаў. Адкрыўся баль гукамі ўрачыстага паланэзу, на паркет выйшлі ўсе танцоры. Пасля на пляцоўцы ўжо было не так шматлюдна, але ж паглядзець сапраўды было на што. Дзе ж яшчэ ўбачыш і атрымаеш асалоду ад таго, як моладзь, нібы сапраўдныя паненкі і паны, грацыёзна танчыць старадаўнія кантрадансы “Вальс герцага Кенцкага”, “Свечкі ў цемры”, “Пачатак кахання”, “Іспанскі вальс” ці “Кембрыджскі вальс”?! Некалькі музычных і танцавальных перапынкаў дазволілі танцорам крыху адпачыць. Тыя, хто не жадаў марнаваць час, з цікаўнасцю забаўлялі сябе настольнымі гульнямі ХІХ стагоддзя: “Яўрэй”, “Канатаходзец” і “Парася”. А пасля хлопцы і дзяўчаты з новымі сіламі танчылі шпаркую польку-тройку, кружыліся пад гукі рамантычнага французскага вальса, бралі ўдзел у катыльённай гульні “Вальс з кветкай”.


Другі Калядны баль-маскарад, які адбыўся ў рамках раённай дабрачыннай акцыі “Цуды на Раство”, завершаны. Хочацца падзякаваць арганізатарам свята – аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах мола­дзі Аршанскага райвыканкама, Беларускай праваслаўнай царкве, Аршанскаму райкаму БРСМ і гарадскому Палацу культуры “Орша” – за тое, што дазволілі ўдзельнікам і гледачам хоць на некалькі гадзін вярнуцца ў часы шляхецтва. Гэтае падарожжа кожнага з нас зрабіла крыху лепшым, а душу – чысцейшай.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *