Натхнёныя Купалаўскай лірай

Высокі бераг сівога Дняпра, стромкія сосны і прыгожыя ляўкоўскія краявіды не раз натхнялі беларускага песняра Янку Купалу. 80 гадоў таму, у 1935 годзе, паэт прыехаў у гэтыя мясціны ў камандзіроўку, а потым неаднойчы вяртаўся сюды ўжо на ўласную дачу – падарунак урада БССР. І праз восем дзясяткаў гадоў ля дачы ўсіх сустракае сам Янка Купала. У мінулую суботу да народнага паэта Беларусі завіталі госці і ўдзельнікі раённага свята паэзіі “Як жыць – дык жыць для Беларусі”, прысвечанага Году моладзі.

IMG_7585

 

 

IMG_7607IMG_7691 IMG_7705IMG_7715 IMG_7725 IMG_7733Пазітыўны настрой ганаровым гасцям, а таксама мастакам слова: старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамары Красновай-Гусачэнцы, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Барысу Беляжэнку, Канстанціну Нілаву, Сяргею Трафімаву і іншым, прадстаўнікам дэлегацый гарадоў-пабрацімаў Оршы падарыў ансамбль “Весялушкі” гарадскога Цэнтра культуры. Сустрэ­лі гасцей караваем, а пасля руплівыя гаспадыні з народных клубаў Аршаншчыны запрасілі ўсіх да багатых сталоў і частавалі традыцыйнымі беларускімі прысмакамі. Тут жа прапаноўвалі сваю прадукцыю малочны камбінат, сырзавод, хлебазавод і фабрыка “Салодкая краіна”. Далей па алеі госці трапілі на кірмаш рамеснікаў. Дарэчы, на свяце можна было не толькі на­быць вырабы народных майстроў, але і на свае вочы ўбачыць, як нараджаецца шэдэўр і нават прыняць удзел у майстар-класе.
На сонечнай палянцы разгарнула сваю пляцоўку “2015 – Год моладзі, год Вялікай Перамогі” Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Удзельнікі свята чыталі вершы Янкі Купалы, пісалі лісты паэту і пажаданні роднай Беларусі, нават малявалі паэзію. На гэтай інтэрактыўнай пляцоўцы занятак знайшоўся кожнаму. А насупраць тэатральныя, харэаграфічныя і фальклорныя калектывы Аршаншчыны запрашалі на Купалле.
Працягнулася свята паэзіі на сцэне. Ад імя мясцовай улады прывітаў усіх, каго натхніла Купалаўская ліра, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Алег Смірноўскі. Далей слова ўзяла старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка. Пранікнёна чыталі са сцэны ўласныя творы паэ­ты Барыс Беляжэнка і Канстанцін Нілаў, гучалі і Купалавы словы. Удзельнікаў свята чакалі і музычныя падарункі ад аршанскіх калектываў і выканаўцаў.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий