Табе, мой родны кут!

Табе, мой родны кут!

Адзін з самых старажытных куточкаў Аршаншчыны – Смальяны – тыдзень таму адзначаў свой чарговы дзень нараджэння. Сёння мала хто з жыхароў гэтага населенага пункта ведае, якім было мястэчка стагоддзі назад. Пра мінулае тут яскрава нагадваюць помнікі архітэктуры, якія сяльчане з любоўю адлюстравалі  ў фотавыставе, прысвечанай святу аграгарадка Смальяны. Арганізатарам свята выступіў Смальянскі сельвыканкам пад кіраўніцтвам Галіны Карпушонак

.

Дарэчы, разнастайных конкурсаў у план мерапрыемстваў, прысвечаных  гэтай падзеі, арганізатары ўключылі нямала. У кожным з іх чырвонай ніткай – гісторыя мястэчка, якое сёння носіць сучасную назву – “аграгарадок”. На святочнае дзейства, якое распачалося пасля працоўнага дня, прыйшлі  людзі самага рознага ўзросту і занятасці. Адметна, што пераважную большасць удзельнікаў складала маладзёжная аўдыторыя, а сярод прыйшоўшых на свята – самыя актыўныя жыхары Смальян, якія  прыкладаюць шмат намаганняў дзеля таго, каб  зрабіць свой населены пункт самым прыгожым у Аршанскім раёне.

Тут былі лепшыя гаспадары сядзіб, што выйшлі пераможцамі ў аднайменным конкурсе Смальянскага Савета дэпутатаў, лепшыя дызайнеры па арганізацыі ландшафтнага пейзажу і лепшыя кветкаводы, якія атрымалі ўзнагароды за добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый. У гэтых намінацыях адзначаны самыя дбайныя і гаспадарлівыя смальянцы – Міхаіл Іванавіч і Валянціна  Сяргееўна Шчарбінскія, Віктар Пятровіч і Галіна Уладзіміраўна Пінчукі, Нічыпар Дзмітрыевіч і Ганна Фёдараўна Шаўня, Андрэй Міхайлавіч і Вераніка Аляксандраўна Гурыны, Аляксей Генадзьевіч і Таццяна Анатольеўна Кавалеўскія, Віктар  Алегавіч і Ірына Аркадзьеўна Мяжэвічы, Галіна Мікалаеўна  Кашынская і Вера Васільеўна Масаловіч. Не абышлі ўвагай і ўстановы, якія размешчаны на тэрыторыі Смальян. Прызамі і песнямі, а трэба адзначыць, што майстры мастацкай самадзейнасці  Дома культуры Смальянскага дзяржаўнага агранамічнага каледжа пастараліся на славу, дорачы свае песні аднавяскоўцам,  былі адзначаны УА “Смальян-скі дзяржаўны  яслі-сад”, Смальян-ская ўрачэбная амбулаторыя і магазін ІП Л. Лаўрушкінай.

А якое ж свята без духмянага каравая? Яго прыгатавала да гэтага дня старэйшына вёскі Алена Іванаўна Мацюшэўская. Свае пераможцы былі вызначаны і ў вырошчванні  сельскагаспадарчай прадукцыі. Гарбуз-волат вагой 35,7 кг вырасціла на сваім участку Наталля Мікалаеўна  Сласценка, цыбуліну – 1036 грамаў – Валянціна Фёдараўна Хатулева, бульбу  вагой амаль кілаграм – Ганна Фёдараўна Шаўня, а кілаграмовыя памідоры  –  Міхаіл Васільевіч Дзянісаў.  Свой уклад у агульную справу ўнеслі і ўстановы Смальян. Дзіцячы садок, школа, аграрны каледж прадставілі выставу ўласнай творчасці, вырабы дзетвары і моладзі, а бібліятэкары – выставу, прысвечаную слаўнаму  мінуламу мястэчка. Своеасаблівым аздабленнем свята  стала  культурная праграма. Таленавітыя жыхары Смальян у складзе  культарганізатара  Анжалікі Сяргееўны Эмамавай, Міхаіла Эмамава, Аляксандра Дойнікава, Вольгі Салтанавай, Юліі Зянковай, калектыву выхаванцаў дзіцячага садка і вакальнай групы  работнікаў УА “Смальянскі дзяржаўны яслі-сад”  шчыра віншавалі аднавяскоўцаў са святам. Пераможцаў шматлікіх конкурсаў  ушаноўвалі  прызамі і сувенірамі ад  сельвыканкама  і адміністрацыі УСГП “Смальяны”, дырэктар Анатоль Уладзіміравіч Крысікаў. Такім чынам, жыхары Смальян у чарговы раз пацвердзілі сваю актыўную жыццёвую пазіцыю.

Кожны, хто на ўласныя вочы бачыў мерапрыемства, разумеў: гэтыя шчырыя душой і сэрцам людзі ўмеюць самааддана працаваць і весела, ад душы адпачываць.

ЛІНА Гатоўская

Добавить комментарий