Ушаноўвалі сяльчан

“Цяпер ужо  цяжка  меркаваць, адкуль пайшла  назва вёскі Барадзіно: напэўна, ад колішняй знешнасці  мясцовых барадатых мужыкоў, а можа, ад імя тутэйшага ўладальніка якога-небудзь Барадзіна  ці Барады”.

А. Шынкевіч “Аршанская даўніна”.

Тут, на беразе ракі Пачаліца, дзе бруіцца чысцюткай вадой святая крынічка, і праводзілася свята вёскі Барадзіно. На свята  прыйшлі амаль усе вяскоўцы, каб прыняць удзел у мерапрыемстве і цікава правесці час. Іх сустракала прыгожа аформленая выстава “Мой родны кут”, якую разам  з жыхарамі падрыхтавала  старэйшына вёскі Н. Сянчыла. Чаго тут толькі ні было! Чырванабокія яблыкі, розныя кулінарныя стравы, у тым ліку пірагі, бліны, дранікі. Старшыня Пішчалаўскага сельскага Савета дэпутатаў Т. Ждановіч падзячыла  жыхарам за гаспадарлівасць, адзначыўшы сям’ю  аднаго з  найбольш дбайных сяльчан – В. Яцэнка, уручыўшы яму памятны сувенір. Бібліятэкар А. Дубашынская  расказала пра паходжанне назвы вёскі  Барадзіно і пра гісторыю яе заснавання. Цікава, што па сённяшні дзень за ваколіцай знаходзіцца старажытнае гарадзішча. У гэты памятны дзень успомнілі пра 25  сяльчан, якія склалі галовы на полі бітвы з ворагам падчас Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх і першы старшыня калгаса “vii з’езд Саветаў” М.  Маркоўскі. Словы ўдзячнасці за добрасумленную працу і адданасць вёсцы пачулі ў свой адрас  даяркі – Т. Чарныш і Т. Барабанава, палявод А. Каравік, якіх віншавала старшыня СПК “Пішчалаўскі” В. Картаўнёва. Старэйшая жыхарка вёскі В. Тамашэўская  атрымала падарунак,  кветкі і стылізаваны медаль “Мае гады – маё багацце”. Не забыліся і пра самую маленькую сяльчанку  Лізу Кірык. За шматгадовую любоў да кнігі прыз ад Пішчалаўскай бібліятэкі быў уручаны  Т. Барабанавай. У сваю чаргу  здзівілі гасцей і мы, гаспадары. Жыхарка вёскі, 87-гадовая Аляксандра Пятроўна  Папова прачытала нізку сваіх вершаў, якія нікога не пакінулі абыякавымі.

Песні, жарты, добры настрой дапамагалі ствараць на свяце работнікі Забалацкага і Пішчалаўскага  СДК, Пішчалаўскай бібліятэкі – Н. Сянчыла, С. Коткіна і А. Дубашынская.  Мы вельмі ўдзячныя ўсім гэтым лю-дзям, якія на чале з кіраўніцтвам мясцовай улады і гаспадаркі прыйшлі   да вяскоўцаў, каб разам з імі адзначыць свята вёскі.

А. Міхальчанка, жыхарка вёскі Барадзіно.

Добавить комментарий