Свята з вялікай літары: сёння – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

фота — архіў «АГ»

Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь па ўсёй краіне распачаліся святочныя мерапрыемствы. На класных гадзінах навучэнцы ўзгадваюць гісторыю галоўнага закона нашай дзяржавы. Больш даведацца пра ролю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у жыцці кожнага грамадзяніна можна ў бібліятэках Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, дзе арганізаваны тэматычныя кніжныя выставы.
Галоўны бібліятэкар гарадской дзіцячай бібліятэкі імя У. С. Караткевіча Аксана Кулагіна расказала, якія тэматычныя выданні можна знайсці ў чытальнай зале. Выстава “Свята з вялікай літары” прызначана ў першую чаргу для школьнікаў, якія могуць пазнаёміцца з Асноўнымі палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, усвядоміць ролю асноўнага закона ў нацыянальнай прававой сістэме.
Сёння ва ўсіх рэгіёнах краіны чатырнаццацігадовыя юнакі і дзяўчаты атрымаюць свой галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. У рамках Усебеларускай патрыятычнай акцыі БРСМ “Мы – грама­дзяне Беларусі!” 34 юным аршанцам – выдатнікам вучобы, здольным спартсменам, пераможцам прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, актывістам маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў – ва ўрачыстай абстаноўцы пашпарты ўручаць прадстаўнікі мясцовай улады. Разам з першым дарослым дакументам падлеткі атрымаюць і так званы пашпарт аршанца, у якім ідзе гаворка пра гісторыю і сучаснасць нашага раёна, дзейнасць саюза моладзі. Хвалючы дзень сёння для чатырох вучняў з гімназіі №1 і сярэдняй школы №17, якія адправіліся на ўрачыстае мерапрыемства ў Віцебск.

Марына СЯМАШКА.

Добавить комментарий