Мікалай Захарэнка і Сяргей Каткоўскі першымі на Віцебшчыне перасягнулі двухтысячны рубеж па намалоце зерня
І зноў спяшаемся на поле сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Ларынаўка”. У суботу, 13 жніўня, старшы камбайнер Мікалай Захарэнка і камбайнер Сяргей Каткоўскі першымі на Віцебшчыне і ў Аршанскім раёне перасягнулі двухтысячны рубеж па намалоце зерня.
З гэтай нагоды да перадавікоў жніва прыехалі паважаныя госці: намеснікі старшыні Аршанскага райвыканкама Канстанцін Савін і Алег Смірноўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Святлова, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Алег Макарэвіч, каб павіншаваць з агульным поспехам для ўсёй вобласці, выказаць хлебаробам словы падзякі за добрасумленную працу на зямлі. Ім уручылі граматы, падарункі і сноп – сімвал багатага ўраджаю.
Не хавае сваёй радасці за падначаленых і старшыня СВК “Ларынаўка” Аляксандр Кухцянкоў. “У Мікалаі і Сяргеі ніколі не сумняваўся. Вельмі надзейныя, адказныя і добрасумленныя работнікі. Яны – Хлебаробы з вялікай літары, якіх смела можна ставіць у прыклад. Любая работа ў руках Мікалая Захарэнкі і Сяргея Каткоўскага кіпіць”.
Дарэчы, СВК “Ларынаўка” ўжо завяршыла ўсе работы на жніве. Зараз тут займаюцца падрыхтоўкай глебы, унясеннем арганічных угнаенняў, каб затым пачаць сяўбу азімых культур.
Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.