Аліна Талай правяла ўрокі беларускай мовы для школьнікаў Оршы

Залу запоўнілі гуллівыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Многія добра падрыхтаваліся – трымаюць у руках фота і маюць вялікую надзею на аўтограф. І гэта не дзіва. Бо на сустрэчу з імі завітала тая самая Аліна Талай – спартсменка з аршанскімі каранямі, імя якой вядома ўжо ўсяму свету. Сустрэча стала магчымай дзякуючы праекту “Чытаем па-беларуску з velcom”.

У праграме прынялі ўдзел пяць аршанскiх устаноў адукацыі: гімназія №2, сярэднія школы №9, 17, 19 і 4 – родная для вядомай беларускай спартсменкі. У сакавіку і красавіку ініцыятыва ахопіць 25 школ у 6 гарадах Віцебшчыны.

Увосень 2016 года Аліна Талай стала запрошаным настаўнікам і правяла першыя сустрэчы з дзецьмі. Але зараз, як вядома, лёгкаатлетка трэніруецца і праводзіць большасць часу ў ЗША. Таму тое, што аршанцам давялося пабачыць Аліну ў родным горадзе, – маленькі цуд. Разам з ёй урокі аршанскім школьнікам далі тэлевядучы Юры Жыгамонт і казачніца Алена Масла – пастаянныя настаўнікі праекту.

“Я прыемна здзіўлена, што дзеці добра ведаюць беларускую мову і актыўна ўдзельнічаюць у віктарынах і размовах, – кажа Аліна, якая і сама добра размаўляе на роднай мове. – У мяне ёсць сябры, з якімі я размаўляю толькі па-беларуску”. Спартсменка прызнаецца, што апошнім часам “пераключацца” з англійскай мовы, прыязджаючы дамоў, даволі складана, не хапае і моўнай практыкі.

Аліна Талай правяла гульню «Перакладчык» на веданне спартыўных тэрмінаў і паказала вiдэа сваiх спаборнiцтваў. На працягу незвычайнага ўрока малодшыя школьнікі разам з Юрыем Жыгамонтам перакладалі словы на беларускую мову, адгадвалі загадкі, успаміналі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, слухалі і самі дэкламавалі вершы па-беларуску.

На “салодкае” засталіся аўтографы і сэлфі з Алінай Талай.

Іна КАСІНЕЦ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий