Зацікавіць кнігамі

наведвальніцы бібліятэкі, жыхаркі Крапіўна Святлана Вазнякова і Таццяна Дыман

Сёння бібліятэкі выконваюць важную ролю ў станаўленні і развіцці таго сацыяльнага асяроддзя, у якім яны знаходзяцца. У сілу сваіх магчымасцей яны задавальняюць попыт сучаснага грамадства на новыя веды, займальную інфармацыю. Для таго, каб зацікавіць кнігай мясцовых жыхароў, бібліятэкар Крапівенскай мясцовай бібліятэкі Ірына Пучкова заўсёды стараецца арганізаваць цікавыя тэматычныя выставы.

Вось, напрыклад, да вялікага праваслаўнага свята – Ражства Хрыстова ў сценах бібліятэкі была аформлена пазнавальная выстава-агляд “Духоўная прыгажосць”, дзе цэнтральнае месца заняў фотаздымак галоўнай святыні населенага пункта – Крапівенскага Аляксандра-Неўскага храма.

Тут жыхары Крапіўна і суседніх вёсак маглі знайсці некаторыя звесткі пра гісторыю храма, убачыць дараваную Крапівенскай зямлі ікону Багародзіцы, а таксама пазнаёміцца непасрэдна з гісторыяй свята Ражства Хрыстова. Акрамя гэтага, на паліцах была размешчана літаратура па асновах праваслаўнай веры, матэрыялы пра святыя іконы і вялікіх падзвіжнікаў, кнігі для сямейнага чытання, а таксама журналы “Навука і рэлігія”.

Прыйшлася па густу жыхарам Крапівенскага мясцовага Савета і нядаўна аформленая ў бібліятэцы выстава работ народных умельцаў, на якой былі прадстаўлены незвычайныя вырабы дзяцей і дарослых з розных матэрыя-лаў. Увагу прыцягвалі арыгінальныя вазы для кветак, напрыклад, з палачак ад марожанага. Карыстаецца попытам у бібліятэцы, асабліва сярод юных чытачоў, выстава медыцынскай літаратуры пад назвай “Кніжкіна бальніца”.

Такое разнастайнае тэматычнае прадстаўленне літаратуры ў Крапівенскай мясцовай бібліятэцы дазваляе сяльчанам бліжэй азнаёміцца з шырокай кніжнай тэматыкай.

Анжэла ШУРДУКОВА

НА ЗДЫМКУ: наведвальніцы бібліятэкі, жыхаркі Крапіўна Святлана Вазнякова і Таццяна Дыман.

Добавить комментарий