Хлебаробаў Аршаншчыны чакаюць абласныя «Дажынкі»

Самы сур’ёзны іспыт для аграрыяў Аршан­шчыны – уборачная кампанія – падышоў да завяршэння.

Здавалася, зусім нядаўна на палях каласілася збожжа і ў промнях сонца пералівалася золатам, а ўжо сёння засекі да краёў запоўнены новым ура­джаем. Нягледзячы на розныя сюрпрызы надвор’я, якія так і імкнуліся перашкодзіць рабоце, хлебаробы Аршанскага раёна ў чарговы раз даказалі, што на гэтай зямлі працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Намалот у раёне сёлета склаў 147 280 тон зерня пры ўраджайнасці 45,2 цэнтнера з гектара.
Як ніколі, аператыўныя зводкі лідараў жніва ледзь змяшчаліся на адной старонцы раённай газеты. Уявіце сабе, сёлетняе жніво вызначыла 82 экіпажы тысячнікаў, адзін збожжаўборачны экіпаж упершыню ў раёне і вобласці намалаціў звыш чатырох тысяч тон зерня. Усе гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што ў раёне падчас уборкі ўраджаю разгарнулася гарачае спаборніцтва. Саступаць лідзіруючыя пазіцыі ніхто не хацеў. Убраць збожжа да апошняга гектара, да апошняга зярнятка – такім быў дэвіз тых, хто ўпарта крочыў да пераможнага фінішу.
Літаральна з першых дзён уборачнай кампаніі сапраўднымі героямі хлебнай нівы сталі камбайнеры сельскагаспадарчага філіяла “СГЦ “Задняпроўскі” ААТ “Аршанскі КХП” Сяргей Грэкаў і яго памочнік Алег Сушкевіч. Яны першымі ў раёне перасягнулі тысячны рубеж па намалоце зерня, а сярод лідараў жніва сталі дэбютантамі. Для Сяргея Грэкава, які шчыруе на хлебнай ніве амаль тры дзясяткі гадоў, гэты сезон стаў асабліва знакавым у працоўнай біяграфіі. Старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў уручыў ключы ад новага высокаэфектыўнага камбайна “Lexion-770”. На ім экіпаж камбайнераў намалаціў яшчэ больш за тры тысячы тон зерня. За высокія паказчыкі на жніве Сяргей Грэкаў і Алег Сушкевіч у ліку пераможцаў на абласных “Дажынках”.
Калі хлебаробаў філіяла “СГЦ “Задняпроўскі” ААТ “Аршанскі КХП” можна лічыць лідарамі-дэбютантамі, то Мікалай Захарэнка і Сяргей Каткоўскі з сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Ларынаўка” на працягу многіх гадоў запар толькі замацоўваюць свае поспехі. Рэкордаў на іх рахунку шмат, сёлета яны таксама сярод перадавікоў жніва, і на галоўнай пляцоўцы фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі ў Дуброўна Мікалай і Сяргей у чарговы раз атрымаюць заслужаную ўзнагароду.
Увогуле, на “Дажынках” дэлегацыя з Аршанскага раёна самая шматлікая. Напрыклад, пераможцай абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў ва ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур, рапсу ў намінацыі ”Сярод інтэграцыйных структур на ўборцы зерневых і зернебабовых культур “ прызнана Аршанская інтэграцыйная структура, а сярод сельскагаспадарчых арганізацый, якія не ўваходзяць у інтэграцыйныя структуры, у першай групе першае месца ў ордэна Леніна сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Ларынаўка”. Аршанскі раён прызнаны лепшым у вобласці ва ўборцы рапсу. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый, якія не ўваходзяць у інтэграцыйныя структуры, на ўборцы рапсу першае месца заняла адкрытае акцыянернае таварыства ”Агракамбінат ”Юбілейны“. Сярод старшых аператараў зернесушыльных установак перамогу святкуе таксама прадстаўнік “Юбілейнага” – Аляксей Яшчанка.
На “Дажынках” будуць адзначаны таксама галоўныя аграномы, галоўныя інжынеры з “Ларынаўкі” Аляксандр Каплун і Віктар Сямашка, агракамбіната “Юбілейны” – Яўген Вацура і Максім Бубеншчыкаў.
Унушальны спіс пераможцаў-аршанцаў у намінацыях ”Сярод старшых камбайнераў і камбайнераў сельскагаспадарчых арганізацый “ і ”Сярод старшых камбайнераў і камбайнераў маладзёжных экіпажаў ва ўзросце да 31 года”. Так, героямі жніва сталі Дзмітрый Новікаў (ААТ “Агракамбінат “Юбілейны”), Сяргей Спаткай, Дзмітрый Бацюкоў, Алег Кісялёў, Вадзім Крупянчук, Уладзімір Анікееў, Андрэй Петрашкевіч – прадстаўнікі рэспубліканскага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Вусце” НАН Беларусі”, Сяргей Дамброўскі з ААТ “Задроў’е”, Дзмітрый Захарэнка з філіяла “Птушкафабрыка Аршанская” адкрытага акцыянернага таварыства ”Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў“, Максім Сяр­ноў (ААТ “Агракамбінат “Юбі­лейны”).
Як заўсёды, імёны герояў жніва Аршаншчыны прагучаць на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы абласных “Дажынак”, а мы, землякі, ад душы ганарымся тымі, хто сваёй пачэснай працай на зямлі праслаўляе наш край.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *