Вынікі пленэру: у Оршы адкрылася выстава беларускіх жывапісцаў. На палотнах — Аршаншчына

Маляўнічая Аршаншчына натхніла знакамітых беларускіх жывапісцаў, якія ў верасні праехалі з пленэрам па нашым краі. Па яго выніках у Аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча адкрылася выстава «Бог жыве…».
Рэспубліканскі пленэр жывапісу «Сівая легенда» мастакі прысвяцілі 950-годдзю Оршы. Выставу прымеркавалі да юбілею горада і дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.
Нястрымнае жаданне тварыць прынесла мастакам добры плён. Кіраўнік пленэру Аляксандр Унукаў кажа, што нават надвор’е дапамагала пісаць такія чыстыя карціны: «Яны напісаны душой. Мы бралі ў рукі пэндзаль і атрымлівалі асалоду ад прыгажосці краявідаў. Хацелася б, каб выставу наведалі вучні дзіцячых школ мастацтваў. У адной з іх падчас пленэру мы далі майстар-клас».
Сваё жывапіснае прысвячэнне Аршаншчыне стварылі мастакі-рэалісты. Але выстава атрымалася рознапланавай. Аўтарская манера і асабістае бачанне свету кожнага з майстроў нарадзілі непаўторныя карціны. Міхась Цыбульскі параўнаў выставу з сімфоніяй, у якую выліўся плён працы мастакоў. На палотнах дзевяці прызнаных майстроў – Аршаншчына, якой яе не бачылі нават самі аршанцы. І гэта ні ў якім разе не папрок нашым землякам: краявіды на палотнах дазваляюць сапраўды інакш паглядзець на звыклыя гарадскія і вясковыя замалёўкі. Тое, што прыцягнула ўвагу мастакоў, павінны ўбачыць і жыхары нашага краю. Убачыць – і здзівіцца гэтай сціплай прыгажосці. Карціны іграюць багаццем палітры залатой восені і нібы падсвечваюць утульную залу.
Сустрэчы з геніем беларускай літаратуры праз час і прастору – і такое магчыма ў музеі Уладзіміра Караткевіча. Сярод іншых удзельнікаў адкрыцця выставы слова ўзяў Мікалай Апіёк. Ён быў асабіста знаёмы з Уладзімірам Сямёнавічам і ўзгадаў некаторыя сустрэчы з пісьменнікам. «Ён быў мастак слова, а мы мастакі пэндзаля, – праводзіць паралелі Мікалай Апанасавіч і малюе перспектыву: – Усе мы робім адзіную культурную прастору. Думаю, што Орша праз 10-15 гадоў будзе моцным культурным цэнтрам».
Убачыць Аршаншчыну, якой яе ўбачылі майстры з Барані, Віцебска і Мінска, аматары мастацтва могуць да канца лістапада ў музеі Уладзіміра Караткевіча. Частка прац застанецца ў Оршы – гэта падарунак мастакоў нашаму гораду.
Некаторыя работы будуць прадстаўлены ў новым культурным цэнтры ў Мінску.

Марына СЯМАШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *