На заводе «Легмаш» в Орше установили новое оборудование

Цікава сёння пабываць на ААТ «Завод «Легмаш», параўнаць, як было раней і як стала пасля Указа Прэзідэнта аб уключэнні прадпрыемства ў склад ВА “Беларускі металургічны завод”.

Алена Цімошчанка

Алена Цімошчанка.

Першае, што кідаецца ў вочы, – добраўпарадкаванасць, якая пачынаецца ўжо з прахадной і пануе на ўсёй завадской тэрыторыі. У цэхах таксама бачны перамены. Гэта не толькі прыведзены ў парадак парк старога абсталявання, але і ўстаноўленыя новыя сучасныя станкі і агрэгаты. Усюды бачна гаспадарчая рука флагмана нацыянальнай эканомікі – БМЗ, які стаў надзейнай апорай для пераадольвання крызісных тэндэнцый і паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця аршанскага прадпрыемства. Так, у 2010 годзе тэмп росту экспартных паставак у параўнанні з 2009 годам узрос амаль у 6 разоў. У 2010 годзе аб’ём прадукцыі ў супараўнальных цэнах перавысіў Br24 млрд. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 4,6%.

Пачатак сёлетняга года для работнікаў ААТ “Завод “Легмаш” будзе таксама памятны. У канцы студзеня тут у святочнай абстаноўцы былі адкрыты пасля мадэрнізацыі чатыры адноўленыя вытворчыя ўчасткі. На адкрыццё прыязджаў генеральны дырэктар вытворчага аб’яднання “Беларускі металургічны завод” Анатоль Савянок.

У гэты знамянальны дзень на заводзе быў запушчаны вялізны лістазгібальны прэс з лікавым праграмным кіраваннем CNC ROP-3500 турэцкай вытворчасці.

– Такога агрэгата, – расказвае вядучы тэхнолаг механазборачнага цэха Алена Цімошчанка, – няма нават на самім БМЗ. Ён апрацоўвае ліставы метал таўшчынёй да 20 мм і дліной да 3 м, можа гнуць метал пад вуглом ад 30 і болей градусаў.

Алена Феліксаўна Цімошчанка прыйшла на працу на завод “Легмаш” пасля заканчэння Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута. Адзін з напрамкаў яе дзейнасці – разработка тэхналагічных аперацый на металаапрацоўчых станках механічнага цэха, у тым ліку ўведзеных у студзені гэтага года ў эксплуатацыю новых чатырох гарызантальных такарных станкоў з лікавым праграмным кіраваннем з прывадным 12-пазіцыйным інструментам “Fanuc” мадэлі VTU RNII -26/11-С V, якія былі прывезены ў Оршу з далёкага Тайваня.

Валерый Шокель

Валерый Шокель

Першым, хто пачаў шчыраваць над новым абсталяваннем, стаў наладчык такарных станкоў Валерый Шокель, які прадэманстраваў адну з вытачаных на такарным станку дэталей, дарэчы, ужо не патрабуючай шліфоўкі.

Прыўзняты настрой і ў работнікаў новага ўчастка нанясення палімернага пакрыцця – начальніка ўчастка Ірыны Кароўкінай, маляроў Вольгі Андрэевай і Руслана Шарстнёва, якія ў гэтыя дні асвойваюць работу новага абсталявання, прызначанага для афарбоўкі тарных катушак для намоткі дроту, металлакорда.

– Гэта айчыннае абсталяванне Гомельскага РУП “Металапалімер” складаецца з пяці вялізных камер, – расказвае І. Кароўкіна. – Яны лічацца экалагічна чыстымі, бо ўсе аперацыі выконваюцца з дапамогай парашковага пакрыцця без прымянення растваральнікаў і іншых хімічных злучэнняў. Новыя камеры пра­цуюць па безадыходнай вытворчасці, бо лішак фарбавальнага парашка збіраецца ў спецыяльныя цыклоны і выкарыстоўваецца пры паўторнай афарбоўцы.

Ірына Кароўкіна, Вольга Андрэева і Руслан Шарстнёў

Ірына Кароўкіна, Вольга Андрэева і Руслан Шарстнёў

Новы швейны ўчастак размясціўся ў будынку заводакіравання. На ім абсталяваны невялікі канвеер машын, якія засталіся заводу ў спадчыну ад папярэднікаў – вытворцаў швейнага абсталявання роднага прадпрыемства. Тут прадстаўлены амаль усе мадэлі швейных машын, у тым ліку аверлокі, пецельны, гузікавы, заклёпачны і іншыя паўаўтаматы.

– Усяго на ўчастку 15 працоўных месцаў, – расказвае майстар участка Ларыса Разанава. – Зараз заняты 7 чалавек. Таму запрашаем непрацаўладкаваных швачак да сябе. На ўчастку створаны добрыя ўмовы для працы: светла, чыста, утульна. Галоўнае – мы заўсёды забяспечаны аб’ёмамі работ. Наш галоўны заказчык – Беларускі металургічны завод, для патрэб якога мы шыем спецвопратку. Нормы выпрацоўкі – прымальныя, заробкі – дастатковыя.Адкрыццё новых участкаў у аднаўлёных вытворчых памяшканнях – гэта завяршэнне першага этапу рэалізацыі інвестыцыйнага бізнес-плана па развіцці завода “Легмаш”. Увесь жа праект разлічаны на перыяд да 2015 года. Ён прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў па засваенні новых відаў прадукцыі, у тым ліку імпартазамяшчальных.

Людміла МАРШАЛОВІЧ.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий