Механик вагонного депо в Орше рассказал о своей работе

Калі праходзіш міма гарадской Дошкі гонару, што ўстаноўлена па вуліцы Леніна, міжволі задаешся пытаннем: хто ж гэта за людзі, удастоеныя такой пашаны? Пра аднаго з іх я хачу вам сёння расказаць. Гэта галоўны механік Аршанскага вагоннага дэпо Беларускай чыгункі Валянцін Ягоравіч Дзівакоў (на здымку).

Валянцін Ягоравіч Дзівакоў

Валянцін Ягоравіч Дзівакоў

Валянцін – карэнны аршанец, нарадзіўся ў 1959 годзе ў сям’і рабочых. Яго бацька Ягор Іванавіч некалі працаваў на Аршанскім малочным камбінаце, зараз як заслужаны ветэран працы занесены ў Ганаровую кнігу прадпрыемства. Маці Вера Ягораўна ўсё сваё працоўнае жыццё аддала льнокамбінату. Для Валянціна маці – як свет у вакенцы, яе ён вельмі любіць і паважае, дарэчы, як і сваю малодшую сястру Святлану, што жыве ў Мінску і працуе настаўніцай чарчэння і працы ў адной са сталічных школ.

Пераняўшы ад сваіх бацькоў працавітасць, сілу волі і строгія прынцыпы, ён упэўнена крочыць па жыцці. Пасля заканчэння СШ №14 служыў у арміі ў Хабараўскім краі ў войсках проціпаветра­най абароны. Вярнуўся дадому ў званні сяржанта і адразу заняўся справай – пайшоў працаваць інжынерам-вадзіцелем у калгас імя Заслонава Аршанскага раёна. Потым вырашыў прадоўжыць адукацыю ў Аршанскім тэхнікуме чыгуначнага транспарту. Паступова чыгунка перацягнула да сябе маладога чалавека, і ў 1992 годзе ён прыйшоў у Аршанскае вагоннае дэпо. Спачатку працаваў інжынерам па забеспячэнні, потым праявіў арганізатарскія здольнасці, стаў намеснікам начальніка дэпо па забеспячэнні, а з 2003 года ўзначаліў службу галоўнага механіка.

З пачаткам працоўнай біяграфіі Валянціна Ягоравіча ў дэпо звязаны амаль самы складаны час у гісторыі прадпрыемства. Пасля развалу Савецкага Саюза мяняліся напрамкі дзейнасці транспартнага прадпрыемства, яно пераходзіла ад рамонту пасажырскіх на рамонт грузавых вагонаў. Валянцін Дзівакоў здолеў унесці свой уклад у агульную справу, працаваў натхнёна, самааддана. Начальству не трэба было даваць яму ўказанні і кантраляваць за іх выкананнем. Многія вытворчыя пытанні ён вырашаў самастойна, як і штодзённыя праблемы. Вынікі яго працы заўсёды былі навідавоку, асабліва пасля таго, як у строй паспяхова ўступіла новая газавая кацельня нямецкай фірмы “Vistaman”, а на пяці старых кацельнях, размешчаных на пунктах агляду вагонаў, было ўстаноўлена абсталяванне, працуючае, як таго патрабаваў час, на мясцовых відах паліва. Ніколі не выклікала нараканняў таксама і работа гаспадарчага і электрычнага цэхаў, якія яму падпарадкоўваліся, усе справы вяліся згодна з распрацаванымі планамі і ў суадносінах з выкананнем асноўнай задачы дэпо – правядзеннем розных відаў рамонту грузавых вагонаў.

Валянцін Ягоравіч не стаіць у баку і ад грамадскага жыцця калектыву. Ён уваходзіць у склад савета прафілактыкі правапарушэнняў, асноўнай задачай якога з’яўляецца выяўленне прычын, садзейнічаючых здзяйсненню правапарушэнняў, і ўнясенне прапаноў па іх ліквідацыі. Ведаюць яго і як члена штаба вагоннага дэпо па грамадскай дысцыпліне і бяспецы, які створаны згодна з Указам №1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з цікавасцю слухаюць яго выступленні, як удзельніка інфармацыйна-прапагандысцкай групы, на “Адзіных палітднях”.

В. Дзівакоў даўно карыстаецца заслужанай павагай у калектыве. У 2008 годзе галоўны механік за свае заслугі быў узнагароджаны Ганаровай граматай Беларускай чыгункі, а сёлета яго партрэт – на гарадской Дошцы гонару. Гэты чалавек дастойны такой пашаны, лічаць вагоннікі.

Людміла МАРШАЛОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий