Выставка вышивки Елены Жендинской открылась в Орше

“Душы прыгожыя парывы” – так называецца выстава, якая пачала працаваць у музеі драўлянай скульптуры рэзчыка С. Шаўрова. На ёй прадстаўлены вышываныя работы аршанкі Алены Жандзінскай. Усе карціны могуць служыць ілюстрацыяй таго, наколькі багаты наш край на таленты і сюжэты. На выставе прапанаваны копіі жывапісных шэдэўраў прызнаных мастакоў, вышываныя іконы, пейзажы, мініяцюры.

Чым цікавы такія мерапрыемствы? Перш за ўсё, знаёмствам з новымі людзьмі, якія жывуць побач з намі. Кожнаму, хто бачыць гэту прыгажосць, абавязкова захочацца адкрыць такія таленты ў сабе.

Самадзейны майстар па вышыўцы Алена Іванаўна Жандзінская нарадзілася ў Оршы. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, вырашыла прадоўжыць бацькоўскую справу – яе вабілі срэбраныя стужкі магістралі. Скончыла Аршанскі тэхнікум чыгуначнага транспарту. Шмат гадоў працуе на дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў інжынерам тэхнічнага аддзела. З вышыўкай крыжыкам “пасябравала” дзесяць гадоў таму. Пачынала з самага простага – дзіцячых мініяцюр. Вышыўка крыжыкам і бісерам – справа інтэлектуальная, вельмі тонкая, нават ювелірная. Патрабуе акуратнасці, цярпення, уседлівасці. Трэба падабраць патрэбныя адценні нітак, убачыць у сюжэце кампазіцыю.

Работы аршанскай майстрыхі ўражваюць не толькі яркімі колерамі, але і сваёй жывой сілай. У кожную ўкла­дзена часцінка душы. “Удыхнуць” жыццё ў задумку – таксама вялікая праца. Карціны Алены Жандзінскай не проста прыгожыя, яны валодаюць нейкай магічнай сілай. На імгненне затрымаешся каля пейзажа “Возера Шатландыі”, лепш прыгледзешся – і ў нейкі момант нібы адчуеш лёгкі ветрык і ўбачыш, як калышацца лісце на дрэвах. Адразу ўспамінаецца цёплае лета… Пранізаная цеплынёй сапраўднага пачуцця і пяшчотай карціна “Ён і яна” ў мінулым годзе заняла на інтэрнэт-конкурсе “Закаханая пара” другое месца.

У студзені 2011 года работы Алены Іванаўны ўпрыгожвалі Дом культуры чыгуначнікаў. Першая персанальная выстава вышываных карцін таленавітай аршанкі заслугоўвае ўвагі. Тэматычна работы падзелены на некалькі частак: мініяцюры, пейзажы, цэрквы, іконы і іншае. Палатно “Іерусалімская Божая Маці”, якое вышыта бісерам, нібы падсвечана сонечнымі промнямі. Калі глядзіш на ікону, святлее на душы і ў сэрцы з’яўляецца пачуццё спакою і лагоды. А вось пейзаж “Бяроза ля ракі” (на здымку) пераносіць гледача за горад. Так і хочацца палюбавацца такім краявідам на свае вочы, адчуць прахалоду рачных хваляў, запутацца ў шаўковых косах стройнай прыгажуні-бярозкі, зайсці ў драўляную царквушку…

Вышыванне – адзін з самых старажытных заняткаў чалавека. Ён здаўна быў распаўсюджаны на Беларусі. У папулярнага віду народнага мастацтва і сёння шмат аматараў. Экспазіцыя Алены Іванаўны Жандзінскай яшчэ раз гэта пацвярджае. Пабачыць работы аршанскага сама­дзейнага майстра па вышыўцы можна да канца сакавіка ў музеі драўлянай скульптуры рэзчыка С. Шаўрова.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий