Что посмотреть в музее Короткевича в Орше

У Аршанскім музеі У. С. Караткевіча ніколі не бывае спецыфічнай “музейнай” цішыні. Тут заўсёды кіпіць жыццё. Сюды прыходзяць, каб павандраваць у часе і прасторы.

Не заблытацца ў гэтых “лабірынтах” дапамагаюць супрацоўнікі музея: Галіна Андрэеўна Юркевіч, загадчык установы культуры, Вольга Міхайлаўна Пашковіч, старшы навуковы супрацоўнік, і Таццяна Леанідаўна Груца, навуковы супрацоўнік. Любімай справе яны аддаюць сябе цалкам, з энтузіязмам бяруцца за новыя праекты. Ёсць і яшчэ адзін нюанс: асноўнае патрабаванне да супрацоўнікаў Аршанскага музея У. Караткевіча – дасканалае валоданне беларускай мовай. Ва ўстанове культуры працуюць прафесійныя філолагі Т. Груца і В. Пашковіч. Вольга Міхайлаўна скончыла Віцебскі педагагічны інстытут, працуе ў музеі 10 гадоў. Падчас святкавання 80-годдзя з дня нараджэння аршанскага класіка В. Пашковіч стала лаўрэатам прэміі імя У. Караткевіча за папулярызацыю творчасці нашага земляка. Таццяна Леанідаўна ў музей прыйшла летась. Вучылася на факультэце беларускай філалогіі і культуры ВДУ, потым выкладала родную мову і літаратуру на Дубровеншчыне. Галіна Андрэеўна Юркевіч працуе загадчыкам музея шэсць гадоў. Яна скончыла бібліятэчны тэхнікум, потым вучылася ў Мінскім інстытуце культуры. Доўгі час працавала ў бібліятэцы імя А. Пушкіна.

Супрацоўніцы не шкадуюць, што прыйшлі на работу ў музей. Кожны дзень багаты на падзеі і знаёмствы з цікавымі людзьмі. Дзверы гэтага храма культуры заўсёды адчынены для наведвальнікаў, для прыхільнікаў беларускай мовы. Матчына слова тут шануюць як найвялікшы скарб. Недарэмна нехта з гасцей назваў музей адзіным кутком Беларушчыны ў Аршанскім краі, дзе можна пачуць мелодыю беларускай гаворкі. На роднай мове размаўляюць паміж сабой супрацоўнікі, у музеі ўвесь час праходзяць беларускамоўныя мерапрыемствы. Некалькі месяцаў для малых паказваюць батлейку на роднай мове. Добрай традыцыяй стала правядзенне Тыдня беларускай мовы, які распачынаецца першага верасня. Для прыкладу, у 2010 годзе ў музеі прайшло 28 мерапрыемстваў, аршанцы змаглі пабачыць 10 выстаў. Значнай падзеяй стала святкаванне 80-годдзя з дня нараджэння нашага земляка У. Караткевіча, якое прайшло на вельмі высокім узроўні. Творчы калектыў прымае ўдзел і ў гарадскіх святах, падчас якіх ва ўстанове культуры таксама праходзяць розныя сустрэчы. Супрацоўнікі запрашаюць у музей знакамітых гасцей – паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, наладжваюць­ у школах горада імпрэзы з іх удзелам. Пасля сустрэч і бясед з людзьмі, якія па-сапраўднаму ўлюбёныя ў родную мову і краіну, вучні абавязкова зацікавяцца нашай спадчынай. Калектыў музея ўвесь час у пошуку новых спосабаў прапаганды матчынага слова. Самі супрацоўнікі кажуць: “Мы імкнемся працягваць традыцыі Ула­дзіміра Сямёнавіча Караткевіча”. Дапамагаюць у гэтай высакароднай справе і сябры музея Мікола Камароўскі, Алена Панкратава, Іна Байкова, Рыта Маторава, Генадзь Шэпелеў, сям’я Дзмітранок і іншыя. Ды і атмасфера ў калектыве спрыяе таму, каб работа была плённай. Калі ўзнікаюць нейкія цяжкасці, пераадольваюць хутка, з вырашэннем любой праблемы дапамагае і дырэктар музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Ірына Воранава.

У музеі У. Караткевіча сумаваць вам не давядзецца. Кожнае імгненне, праведзенае ў яго сценах, падорыць вам асалоду ад сустрэчы з геніем Уладзіміра Сямёнавіча і найвялікшым цудам і багаццем – беларускай мовай.

Марына СЯМАШКА.

На здымку: калектыў Аршанскага музея У. Караткевіча.

Что посмотреть в музее Короткевича в Орше: 1 комментарий

  • 09.05.2012 в 07:31
    Permalink

    Шаноуныя!
    Прачытау Ваш ліст.
    Мне спадабауся.Я вельмі рад,што Вы усе робіце добрую справу.
    Асабліва ,калі яшчэ і размауляеце зауседы па-беларуску.
    Дзеткі,вучні,дарослыя людзі, калі прыходзяць у музэй беларускага
    пісьменніка У.С.Караткевіча яны адчуваюць,як жыу,вучыуся і
    працавау чалавек,для якога краіна,народ і мова былі дарагімі.
    Дазвольце,калі ласка яшчэ раз Вас падзякаваць за тое,што
    сваей працай Вы прыносіце у асяроддзе людзй павагу да творчасьці
    У.С.Караткевіча і другіх пісьменнікау краіны .
    З павагай-Лявон.

Добавить комментарий