Андрэй Зайцаў з «Задняпроўскага» першым у Аршанскім раёне перавёз дзве тысячы тон зерня падчас жніва

Восем гадоў Андрэй Зайцаў працуе вадзіцелем у філіяле “СГЦ “Задняпроўскі” ААТ “Аршанскі КХП” і апошнія з іх лідзіруе на адвозцы зерня. Вось і сёлета стаў першым у Аршанскім раёне, перасягнуўшы двухтысячны рубеж.

Вадзіцель Андрэй Зайцаў

З гэтай нагоды яго павіншавалі старшыня Аршанскай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза АПК Станіслаў Кошкін, кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт прадпрыемства.

Ён моцна трымае руль свайго МАЗа, погляд упэўнены і засяроджаны, толькі раз-пораз на твары з’яўляецца ўсмешка. Андрэй настолькі адказны чалавек, што гэта адразу адчуваецца пры размове. Малады чалавек дакладны ва ўсім: і ў словах, і ў справах. Калі паабяцаў – выканае абавязкова.

У самым разгары ўборка ўраджаю. На прадпрыемстве задзейнічаны ўсе сродкі і сілы, каб сабраць зерне з палёў, перавезці яго на зернесушыльны комплекс. Андрэй Зайцаў разумее, што ад яго работы залежыць многае. Крышачку прамарудзіў, і ўвесь вытворчы ланцужок можа разарвацца.

За дзень ад поля да зернесушыльнага комплекса Андрэй робіць па 10-13 рэйсаў. Прычэп яго машыны хутка напаўняецца залатымі зярняткамі. Трымаць высокую планку на працягу некалькіх гадоў няпроста, прызнаўся вадзіцель. Але мінулагоднія перамогі – добры стымул для будучых дасягненняў. Андрэй Зайцаў станавіўся пераможцам абласных спаборніцтваў сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня, у 2014, 2015, 2016 гадах. Не забудзе ён і мінулагоднія “Дажынкі” ў Верхня­дзвінску, дзе таксама атрымаў заслужаную ўзнагароду за свае намаганні і добрасумленную працу на жніве.

Аддана падчас уборкі ўраджаю працуюць і экіпаж камбайнераў у складзе Аляксандра Камарова і Ільі Дудкіна, малады камбайнер Ілья Лазарэнка, вадзіцелі Віктар Гарбачэўскі, Аляксандр Другакоў і іншыя.

Дарэчы, зерневы клін “Задняпроўскага” складае 6799 га. Ва ўборачнай кампаніі задзейнічана 22 камбайны, 16 адзінак тэхнікі – на адвозцы. Ураджай­насць складае на 12 жніўня 44,9 ц/га. Ужо ўбрана 48,6 % ад агульнай плошчы. Адначасова з уборкай зерневых аграрыі сельскагаспадарчага прадпрыемства рыхтуюць глебу пад пасеў азімага рапса, уносяць мінеральныя ўгнаенні, убіраюць з палёў салому.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.