Як рабілі кафлю ў Копысі: рэпартаж з пленэру «Букет Прыдняпроўя» | фота, відэа

У Цэнтры народнай творчасці і рамёстваў г. п. Копысі завяршаецца міжнародны пленэр народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Букет Прыдняпроўя”.

У сераду ў Копысь прыехалі 15 майстроў, кожны прывёз хатнюю калекцыю.

Іх ацаніла журы конкурсу “Гліна спявае” – творчае спаборніцтва прадугледжана праграмай пленэру. Усе гэтыя дні рамеснікі працавалі над посудам, цацкамі, вырабамі дэкаратыўна-глінянай пластыкі, каб потым прадставіць іх на конкурс.

Таксама журы вызначыла пераможцу ў намінацыі “Захаванне і развіццё ганчарных традыцый”.
Крок насустрач адраджэнню вытворчасці копыскай кафлі зрабілі на майстар-класе члена Саюза мастакоў Беларусі Людмілы Кавальчук.

“Па выніках археалагічных раскопак спецыялісты распрацавалі віцебскую кафлю – на ёй бачым букет, які пераходзіць у дрэва жыцця, – пасля майстар паказвае другі бок з прамавугольнай адкрытай каробкай: – Галоўнае, што адрознівае кафлю ад пліткі, – румпа на адвароце. Яна акумуліравала цяпло, і печка доўга не астывала. Румпу рабілі рознымі спосабамі, нават на ганчарным крузе ці ўручную – ад гэтага залежыла яе форма. У нас гіпсавая форма для кафлі, раней былі драўляныя. Кафлю робяць рознымі спосабамі: спачатку заліваюць у форму, потым працуюць над румпай. Можна рабіць форму адразу з румпай. Можна рабіць атмінку ў форме. Паспрабуем усе варыянты”.

Не менш зацікавіў майстар-клас, на якім Людміла Кавальчук вучыла тэхналогіі маёлікі – роспісу па сырой форме.

Спачатку вырабы фарбуюць і толькі потым абпальваюць у печцы пры высокай тэмпературы. Гліна і фарбы зрастаюцца ў адзінае цэлае. Гліняныя вырабы становяцца больш моцнымі, воданепранікальнымі, лепш захоўваюць цяпло. Ды і выглядае каляровая кафля вельмі прывабна.
Дзяцей у дні пленэру сустракалі майстры-цацачнікі.

Рамеснікі падзяліліся сакрэтамі стварэння свістулек.

Сяргей Масіха з Крычава зазначае, што калі наб’еш руку, то адну простую свістульку можна вылепіць і агучыць за 15-20 хвілін.

Потым цацку трэба абсушыць пры пакаёвай тэмпературы, далей адправіць у сушыльны шкаф, каб гліняны выраб не разарвала падчас абпалу. Пасля свістульку памяшчаюць у печку пры 900 °С на 1,5-2 гадзіны.Пленэр “Букет Прыдняпроўя” плануюць зрабіць традыцыйным.

Копысі 960 гадоў, з ХV стагоддзя мясцовыя майстры рабілі копыскую кафлю.

Ёй упрыгожвалі печкі ў царскіх палатах маскоўскага Крамля і Пакроўскі сабор у Ізмайлаве. Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя ў Копысі працавала каля 20 заводаў, дзе выраблялі розную керамічную прадукцыю. Сёння майстры Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў адраджаюць багатыя традыцыі і прапаноўваюць не толькі ўбачыць, як нараджаюцца вырабы з гліны, лазы, саломы, дрэва, як ткуць і вышываюць, але і самому паспрабаваць стварыць шэдэўр. Дарэчы, экскурсію і майстар-клас правядуць за сімвалічныя 1,5 рубля!

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара і Цэнтра рамёстваў, відэа аўтара.