Хуткасць. Свабода. Палёт

З таго часу, як нямецкі інжынер Готліб Вільгельм Даймлер у 1885 годзе вынайшаў матацыкл, шмат чаго змянілася ў свеце. Першы матацыкл вельмі нагадваў звычайны веласіпед. Сёння можна знайсці “жалезнага каня” на любы густ. Пабачыць мадэлі матацыклаў зараз можна ў музеі У. Караткевіча.

Выстава “Матацыклы. Хуткасць. Свабода. Палёт” працуе ў нашым гора­дзе ўжо не першы тыдзень. Кнігі і часопісы для мотааматараў, дыскі і дыпломы, малюнкі і фотаздымкі, байкерскія сцягі і сувеніры, больш за 120 мініяцюрных мадэляў матацыклаў – усе экспанаты з прыватнай калекцыі Валерыя Грачыса (на здымку), дыпламанта чацвёртай беларускай мотаканферэнцыі “Crazy Ride”. Кожны з экспанатаў па-свойму дарагі для Валерыя. З кожнай рэччу звязана тая ці іншая цікавая гісторыя. Сваю калекцыю ён пачаў збіраць 10 гадоў назад. Аднойчы ўбачыў у магазіне мадэль матацыкла, набыў, захапіўся…

Некаторыя мадэлі рабіў сам. Любоў да мотатэхнікі, як кажа сам Валерый, прыйшла яшчэ ў дзяцінстве. Байкерскае “рамяство” – гэта стан душы, пачуццё свабоды. В. Грачыс прызнаецца, што ён усё ж больш матацыкліст, чым байкер.

На выставе наведвальнікам прапануюць захапляльнае падарожжа ў свет матацыклаў, байкераў і высокіх хуткасцяў. Побач са знакамітымі і прызнанымі маркамі прадэманстраваны новыя мадэлі матацыклаў. На адкрыцці выставы В. Грачыс адзначыў, што ў яго калекцыі прадстаўлены матацыклы мінулага, сучасныя і мадэлі, на якіх мы будзем ездзіць заўтра. Паглядзець на экспанаты цікава не толькі заўзятым аматарам мотатэхнікі. Кожнаму жыхару горада будзе цікава пазнаёміцца з байкерскай культурай, даведацца пра гісторыю матацыкла. Звяртаюць на сябе ўвагу фотаздымкі мотатэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Калі вы ў душы гоншчык, калі для вас нішто не можа параўнацца з асалодай ад язды з вецярком, калі ні адзін аўтамабіль не бударажыць кроў так, як прыгожы байк, прыходзьце ў музей У. Караткевіча.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий