РАЗВІТАЛЬНЫ ШКОЛЬНЫ ЗВАНОК

Вось і завяршыўся яшчэ адзін навучальны год для 2459 хлопчыкаў і дзяўчынак Аршанскага раёна, 172 адзінаццацікласнікі сёлета назаўсёды развіталіся з любімымі настаўнікамі і шчаслівымі школьнымі гадамі. Апошні званок прагучаў і для 295 вучняў дзявятых класаў.

Кожны выпускнік пойдзе сваёй дарогай, у кожнага будзе свой лёс, але ў памяці ўсё роўна назаўсёды застануцца самыя яскравыя моманты школьнага жыцця. І нават праз дзесяць або дваццаць гадоў, гартаючы школьны фотаальбом, яны з усмешкай і шкадаваннем прыгадаюць, як першая настаўніца павяла іх па краіне ведаў і як нельга было стрымаць слёзы, калі гучаў апошні званок.

У Забалацкай школе-садку на ўрачыстай лінейцы галоўнымі дзеючымі асобамі сталі, безумоўна, выпускнікі, якіх прыйшлі павіншаваць начальнік раённага аддзела адукацыі Аляксандр Размова, старшыня Забалацкага сельскага Савета Віталь Шульгін, дырэктар КУСГП “Забалацце” Пётр Лагуноў. Пажаданні поспехаў і ўдачы ва ўсіх пачынаннях прагучалі таксама ад дырэктара школы Валянціны Харчанка, настаўнікаў, першакласнікаў і бацькоў выпускнікоў.

Шырокай вам жыццёвай дарогі, дарагія адзінаццацікласнікі, і ні пуху ні пер’я на школьных і ўступных іспытах. Няхай усе вашы мары здзейсняцца!

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

На здымку: выпускнікі Забалацкай школы-садка разам з дырэктарам В. Харкчанка і начальнікам раа А. Размовам.

Добавить комментарий