У памяці і сэрцы – назаўсёды

Дзеці і вайна… Два несумяшчальныя словы. Яны і сёння гучаць як папярэджанне пра нешта страшнае і балючае. Для мільёнаў дзяцей іх дзяцінства скончылася 22 чэрвеня 1941 года. Як не імкнуліся дарослыя аддаліць дзяцей ад ваенных дзеянняў, вайна закранула ўсіх без выключэння.

Пра сваё дзяцінства падчас Вялікай Айчыннай вайны расказала аршанка Зінаіда Фадзееўна Янкоўская (на здымку). Больш за 35 гадоў яна адпрацавала ў дзіцячым садку №55, цяпер – на заслужаным адпачынку. За сваю працоўную дзей­насць была ўзнагароджана знакам “Выдатнік беларускай чыгункі”, медалём “Ветэран працы”.

Вайна пакінула на сэрцы жанчыны незагойную рану. І сёння яна не можа без слёз успамінаць тыя жахлівыя моманты свайго маленства. У далёкім 1941-м ёй было ўсяго пяць гадоў. Акрамя Зінаіды, у сям’і раслі яшчэ чацвёра дзяцей.

– Калі вайна ўварвалася ў мірнае жыццё, наша сям’я жыла ў вёсцы Старое Хорабрава, – расказвае Зінаіда Янкоўская. – На пачатку вайны бацьку Фадзея Васільевіча забралі ў войска, трое старэйшых братоў – Уладзімір, Фадзей і Аляксей таксама пайшлі ваяваць, а маці Настассю Яфімаўну пагналі ў лагер.

Засталася я адна з двухгадовым братам Іванам. Нас хацелі ад­даць у нямецкі прытулак. Прыходзілася хавацца ў склепе, падоўгу сядзець па калена ў вадзе, спаць на дошках. Есці і апранаць зусім не было чаго. Добра, што засталася ў вёсцы родная цётка, сястра маці Соф’я Яфімаўна, якая і даглядала нас.

У дзіцячай памяці Зінаіды Фадзееўны не захавалася храналогіі ваенных па­дзей, але некаторыя асобныя эпізоды яна памятае вельмі яскрава, напрыклад, калі іх вёска была вызвалена, і на ўзгорку паказаўся рускі танк. Большай радасці для дзяцей не было. Узяўшыся за рукі са сваім братам і сынам цёткі Аляксеем, яны шпарка пабеглі насустрач салдатам. Тыя іх горача цалавалі і абдымалі, як родных дзяцей, весела смяяліся. А якія былі смачныя падораныя салдатамі цукеркі, Зінаіда Янкоўская ніколі не забудзе.

Час ад часу жанчына перарывала свой аповяд, замаўкала, па яе шчацэ каціліся слёзы. Пазіраючы ў сумныя вочы Зінаіды Фа­дзееўны, адразу ўзгадвалася сваё дзяцінства – шчаслівая пара, побач родныя, шмат сяброў, сямейныя святы, падарункі… А што было ў іх – дзяцей вайны? Слёзы, голад, пастаянны жах, боль страты. І невядомасць, што будзе заўтра? Пэўна, не знойдзеш такіх слоў, каб суцешыць тых, хто стаў сведкамі вайны. Няма ў свеце такіх лекаў, каб загаіць усе іх раны. Бо яны не толькі на целе. Іх раны на сэрцы і ў душы, глыбокія і пякучыя, і як іх не залечвай – яны ўсё роўна баляць.

…Усе браты Зінаіды Янкоўскай вярнуліся дадому з узнагародамі. Засталіся ў жывых і бацька з маці. Разам і пачалі наладжваць мірнае жыццё. Зінаіда Фа­дзееўна скончыла восем класаў, уладкавалася на працу ў вагоннае дэпо, затым работала ў калгасе імя К. Заслонава. Выйшла замуж. Муж Мікалай Фёдаравіч працаваў у вагонным дэпо, дзе неаднаразова адзначаўся за працу граматамі і падзякамі. Разам Янкоўскія пражылі 54 гады. Шмат было няўзгод на іх жыццёвым шляху, але заў­сёды сустракаліся тыя, хто шчыра дапамагаў словам і справай. Жылі дзеля людзей і Мікалай Фёдаравіч з Зінаідай Фадзееўнай.

Сям’я Янкоўскіх вырасціла дваіх дзяцей – дачку Таццяну і сына Мікалая. Таццяна Мікалаеўна па прыкладзе маці адпрацавала ў дзіцячым садку 30 гадоў, Мікалай Мікалаевіч столькі ж на заво­дзе “Легмаш”. Выхоўвалі іх бацькі ў працы і павазе да лю­дзей, каб умелі цаніць дабро і ніколі не праходзілі міма тых, каму патрэбна дапамога. Ганарыцца Зінаіда Янкоўская сваімі ўнукамі – Алесяй, Таццянай і Янам, а таксама праўнучкай Алісай. Унукі, у сваю чаргу, ніколі не забываюць бабулю і заўсёды з любоўю і клопатам адносяцца да яе.

– Няхай мы з мужам не назапасілі вялікіх грошай, – адзначае Зінаіда Фадзееўна, – але працавалі заўсёды сумленна. І, паверце, ніякае багацце не заменіць шчырыя чалавечыя адносіны. Я шчаслівая і багатая таму, што маю цудоўную сям’ю, радуюся дзецям, унукам і праўнукам.

Свае ўспаміны Зінаіда Фадзееўна закончыла такімі словамі: «Няхай ніколі не бу­дзе такога гора, што прыйшлося перажыць нам, і каб ніколі вайна не паўтарылася, а ў дзяцей было шчаслівае дзяцінства”.

Падрыхтавала Анжэла ШУРДУКОВА.

Здымак з сямейнага архіва З. Янкоўскай.

Добавить комментарий