А вы ведалі, што ў 1963 годзе ў гонар нашага горада быў пабудаваны цеплаход “Орша”

У 1963 годзе ў гонар нашага горада быў пабудаваны цеплаход “Орша”, які не адзін дзясятак гадоў хадзіў па марах і акіянах, з гонарам служыў сваёй Радзіме.

Судна спусцілі на ваду на японскай суднабудаўнічай верфі, якая пабудавала яго па заказу Савецкага Саюза. 26 лістапада 1963 года ў порце Асака ў святочнай абстаноўцы на цеплаходзе быў узняты дзяржаўны сцяг Саюза ССР. Даўжыня карабля складала 155 метраў, водазмяшчэнне – 14,343 тоны, магутнасць рухавіка – 12 000 конскіх сіл. Аб гэтым аршанцам авіяпоштай паведаміў камандны састаў цеплахода з далёкага Уладзівастока.

“Наш экіпаж ганарыцца, што судну прысвоена імя Оршы – горада, багатага рэвалюцыйнымі, баявымі і працоўнымі традыцыямі. Мы з гонарам будзем насіць імя славутага горада па ўсіх марах і акіянах. Упэўнены, што сваімі працоўнымі справамі будзем вартыя вас, дарагія аршанцы”, – адзначалася ў пісьме.

У № 148 “Ленінскага прызыву” за 17 снежня 1963 года гэтай падзеі быў прысвечаны спецыяльны артыкул.

Цеплаход “Орша” ўсту­піў у строй дзеючых суд­наў Далёкаўсходняга дзяржаў­нага марскога параходства пад камандаваннем А. Табакара. Першым памочнікам капітана быў Б. Коханаў, старшым механікам – І. Лявада. Паміж экіпажам і аршанцамі завязалася сяброўства. У газеце з’явілася новая рубрыка “У маракоў цеплахода “Орша”. Пад ёй змяшчаліся матэрыялы аб жыцці і працы маракоў. Па адрасе: г. Уладзівасток, Далёкаўсходняе параходства, цеплаход “Орша” ім былі накіраваны кніжка аб Оршы, апавяданні аб легендарным партызанскім камбрыгу К. Заслонаве.

У сакавіку 1964 года капітан і першы помочнік капітана расказалі аршанцам у сваім наступным лісце, як прайшоў першы рэйс. “Нягледзячы на вялікія штормы ў Ціхім акіяне, дзякуючы намаганням штурманаў і механікаў судна ў тэрмін прыбыло ў канадскі порт Ванкувер. Прыняўшы 12 800 тон мукі, “Орша” ўзяла курс к Алеуцкім астравам. ..”, – пісалі маракі. (№ 30 газеты “Ленінскі прызыў” за 10 сакавіка 1964 года).

Вядома таксама, што капітан цеплахода «Орша» А. Табакар прыязджаў у Оршу. Аршанцы цёпла сустрэлі госця, паказалі горад, славуты льнокамбінат, медсанчастку прамысловага прадпрыемства. Госць пабываў у піянерскім лагеры «Лянок», дзе яму ў святочнай абстаноўцы дзеці павязалі піянерскі гальштук. Аб гэтым расказаў фотамастак Уладзімір Марцынкевіч, які на той час быў юнкорам газеты «Ленінскі прызыў». А Наталля Цітова, дачка Генадзя Цітова, былога галоўнага ўрача медсанчасткі льнокамбіната, у сямейным альбоме захоўвае фотаздымак, на якім адлюстраваны адзін з эпізодаў той далёкай сустрэчы. Яна хоць і была маленькая ў той час, але памятае, з якім натхненнем бацька расказваў ёй пра сустрэчу з капітанам далёкага плавання.

У 1965 годзе на Аршан­шчыну прыйшла новая вестка. На цеплаходзе «Орша» – новы капітан – жанчына. Гэта была легендарная Ганна Шчацініна – першая ў свеце жанчына-капітан.

З той хвіліны, як яна ўзнялася на капітанскі мосцік, заход «Оршы» ў кожны марскі порт станавіўся для замежных партнёраў сапраўднай сенсацыяй.

Анна Шчацініна была кандыдатам тэхнічных навук. У час Вялікай Айчыннай вайны ў якасці капітана выконвала баявыя рэйсы, забяспечвала фронт грузамі для перамогі, доўгі час выкладала ў марскіх навучальных установах Уладзівастока, стала дацэнтам. Мора не пакідала, часта хадзіла на практыку з курсантамі. Яна таксама падмяняла капітанаў, многія з якіх былі яе вучнямі. На час іх адпачынку і сама вадзіла караблі ў далёкія рэйсы. Напэўна, і А. Табакару таксама прадаставіла магчымасць адпачыць у летні перыяд.

Звярнуцца да гэтай гістарычнай тэмы, нагадаць аршанцам пра добрыя працоўныя традыцыі, якія закладваліся нашымі бацькамі і дзедамі паміж расіянамі і беларусамі, параіў галоўны рэдактар часопіса «Архівы і справаводства» Святаслаў Асіноўскі.

Святаслаў Маркавіч – наш зямляк, у 60-х гадах мінулага стагоддзя як студэнт факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта праходзіў практыку ў газеце “Ленінскі прызыў”, друкаваў свае вершы. Сёння гэта вопытны журналіст, гісторык і краязнаўца. Ён аўтар некалькіх кніг, у тым ліку ілюстраванага храналагічнага даведніка па гісторыі Аршаншчыны “Залатыя стрэлы на блакітным полі”, у якім паказана месца і значэнне Оршы і звязаных з ёй па­дзей у агульнай еўрапейскай гісторыі. Зараз Святаслаў Маркавіч рыхтуе да друку свой новы даследчы матэрыял, у якім гаворка пойдзе і пра Оршу, і пра лёс цеплахода-цёзкі нашага горада. Пажадаем яму творчых поспехаў і будзем чакаць выхаду новага нумару яго часопіса.

Людміла МАРШАЛОВІЧ.
Фота з архіваў.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.