З Каталіцкім Ражаством! | расклад святочнай літургіі

Дарагія парафіяне! Паважаныя жыхары Оршы! Хрыстос Нарадзіўся! Славім Яго!

Бог размаўляе са сваім народам сапраўды рознымі спосабамі. Гаворыць так, каб мы Яго маглі пачуць і зразумець. І менавіта таму ў гісторыі чалавецтва надышоў такі момант, калі Бог стаўся для нас, людзей, вельмі блізкі. Ён проста прыняў кволае і недасканалае чалавечае цела і нашую гісторыю. Ён прыйшоў на зямлю, каб перажыць разам з намі самотнасць, беднасць, хваробы, незразуменне, страх і нават смерць. Дасведчыць таксама ўсяго, што мы штодзённа як людзі перажываем асабіста. Бог для чалавека стаўся вельмі блізкім. Таму Біблія называе Яго “Эммануіл”, што азначае “з намі Бог”.

Шаноўныя аршанцы! Дазвольце ад імя ўсіх каталікоў нашага горада павіншаваць вас са святам Божага Нараджэння. Няхай Хрыстос, нягледзячы на розныя цяжкасці, станецца для вас вельмі блізкім і благаславіць вашыя сем’і, дамы і месцы працы.

Са Святам Божага Нараджэння!

Ад імя каталікоў Оршы айцец Вадзім Мізер МІС, настаяцель касцёла святога Юзафа.


РАСКЛАД СВЯТОЧНАЙ ЛІТУРГІІ

Касцёл святога Юзафа, вул. Савецкая, 6:
Субота (24.12) – Пастэрка а 22.00;
Нядзеля (25.12) – Святочная літургія а 10.00;
12.00 – тэатральная пастанова “Батлейка” ў выкананні дзяцей і моладзі.

Касцёл Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, вул. Магілёўская:
Субота (24.12) – Пастэрка а 21.00;
Нядзеля (25.12) – Святочная літургія а 10.00.