Паклікаў турзлёт

Яны зноў сабралі свае рукзакі і адправіліся ў паход. На гэты раз у маляўнічыя мясціны ля гарадскога пасёлка Ула Бешанковіцкага раёна, дзе праводзіўся абласны турыстычны злёт моладзі. Каманда Аршанскага раёна, у якую ўвайшлі прадстаўнікі РСУП “СГЦ “Задняпроўскі”, ААТ “Агракамбінат “Юбілейны”, ААТ “Экамол” і БелДРЭС, была рашуча настроена на поспех. І, забягаючы наперад, трэба сказаць, што такая ўпэўненасць дала своесаблівы штуршок да перамогі.

Праграма турыстычнага злёту прадугле­джвала спартыўныя і конкурсныя мерапрыемствы: спаборніцтвы па турысцка-прыкладным шматбор’і, эстафета з арыентаваннем у зада­дзеным накірунку, турысцкі трыятлон, конкурсы мастацкай самадзейнасці, побыту, газет, віктарына “Віцебшчына спартыўная”.

Удзельнікі каманды “Аршанская рысь” да кожнага з выпрабаванняў аднесліся з усёй сур’ёзнасцю і адказнасцю, усе заданні былі размеркаваны, што называецца, па сілах і здольнасцях. Тым больш, што многія з яго ­ўдзельнікаў вопытныя турысты, на ўліку якіх дзясяткі паходаў і турзлётаў, а гэта спрошчвала шлях да поспеху. Выйсці ў прызёры для аршанцаў было справай гонару. За апошнія дзесяць гадоў на абласным турзлёце прадстаўнікі Аршанскага раёна вышэй дзясятага месца ніяк не маглі падняцца. З такім палажэннем спраў яны не маглі пагадзіцца і рашуча імкнуліся ўперад.

Так, у агульнакамандным заліку сярод 20 удзельнікаў “Аршанская рысь” заняла трэцяе прызавое месца, уступіўшы сапернікам, якія занялі першую і другую прыступку, літаральна некалькі балаў. У асобных відах спаборніцтваў нашы таксама былі на вышыні: першае месца ў турысцка-прыкладным шматбор’і ў велатурысцкай тэхніцы, другое месца ў тэхніцы горна-пешаходнага турызму (доўгая дыстанцыя), трэцяе месца ў турысцкім трыятлоне і ў конкурсе газет.

На наступны год турысты Аршаншчыны ставяць перад сабой яшчэ больш амбіцыёзныя планы.

Настасся АЛЯКСАНДРАВА.

Добавить комментарий