Завяршылі жніво першымі

13 жніўня хлебаробы РСУП “СГЦ “Задняпроўскі” першымі ў Аршанскім раёне завяршылі ўборку зерневых і зернебабовых культур. Сёлета на жніве працавала 18 экіпажаў камбайнераў, два з іх у складзе Сяргея Грэкава і Паўла Магера, Александра Шмур’ева і Уладзіміра Голенева ўвайшлі ў раёне ў лік прызёраў. З агульнай плошчы 4072 гектары пры сярэдняй ураджайнасці 32,4 ц/га ў гаспадарцы намалацілі 13945 тон збожжа.

(злева направа): памочнік камбайнера Андрэй Новікаў і камбайнер Аляксандр Стаброўскі, першы намеснік дырэктара РСУП “СГЦ “Задняпроўскі” Павел Чарняўскі і дырэктар прадпрыемства Віталь Дзмітрачэнка; ідзе гаворка пра сёлетні ўраджай рапсу

Не паспелі хлебаробы скончыць уборку ўраджаю на сваіх палетках, як адправіліся на дапамогу да суседзяў – у КУСГП “Смальяны” і на Арэхаўскі льнозавод. Пяць экіпажаў камбайнераў РСУП “СГЦ “Задняпроўскі” зараз задзейнічаны ва ўборцы ўраджаю на прысядзібных участках жыхароў Крапівенскага, Барздоўскага і Бабініцкага пасялковага Савета, астатнія працуюць на яравым рапсе. Усяго ў гаспадарцы неабходна ўбраць 500 гектараў гэтай сельскагаспадарчай культуры, на 29 жніўняы дасягнута планка ў 497 га. “Галоўнае зараз, – сцвярджае дырэктар прадпрыемства Віталь Дзмітрачэнка, – убраць з палёў рапс як мага хутчэй і з мінімальнымі стратамі”.

Думаюць тут і пра будучыню. Ужо выкананы план севу азімага рапсу, у два разы больш за неабходны нарыхтаваны запас насення. Напера­дзе восень, яшчэ адзін “спякотны” перыяд для аграрыяў: час уборкі ўраджаю садавіны і агародніны, кукурузы на сілас і іншых культур. Так што, думаць пра адпачынак яшчэ рана.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий