“Рады мы вас бачыць, дарагія нашы!”

Вось такім добразычлівым прывітаннем сустракае гледачоў, у тым ліку і прыхільнікаў фальклору, народны хор з Арэхаўскага раённага Дома культуры Аршанскага райвыканкама. Прадстаўляе самадзейных артыстаў дырэктар установы культуры Святлана Адамаўна Папкова. Ураджэнка гэтага мястэчка ў свой час атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Музыка і спевы” і зрабіла ўсё магчымае дзеля таго, каб на базе Дома культуры былі створаны спрыяльныя ўмовы для арганізацыі вольнага часу жыхароў гэтага населенага пункта.

Пры Доме культуры дзейнічае 9 клубных фарміраванняў, аднак найбольш вядомы ў раёне, на Віцебшчыне ды і ў рэспубліцы харавы калектыў, які быў створаны ў 1984 годзе. Ініцыятарамі яго стварэння выступілі старшыня прафкама завода “Лантан” Любоў Антонаўна Каржыцкая, дырэктар клуба Ніна Якаўлеўна Камандышка і хармайстар Мікалай Аляксеевіч Някрасаў. Крыху пазней сюды на працу прыйшоў акампаніятар Фёдар Фёдаравіч Каўрыга. Перыпетыі часу, а самая адметная з гэтага перыяду – перабудова, зрабілі сваю справу: па самых розных прычынах частка артыстаў пакінула хор, а тыя, што засталіся, душой “прыраслі” да любімай справы. Сёння ў калектыве – 25 чалавек, з якіх палавіна працуе ў сферы народнай гаспадаркі. Ядро харыстаў – улюбёныя ў народную творчасць жыхары Арэхаўска. Сярод іх – былы педагог пачатковых класаў, актыўная і таленавітая Валянціна Іванаўна Зазерская. На роўных з сяброўкай Таццяна Яўгенаўна Шульга, якая валодае прыгожым голасам. Надзея Андрэеўна Лесніковіч прыйшла ў хор па закліку душы, а народныя песні для яе ў шэрагу любімых. Галасы гэтых жанчынак і іншых салістак прывабліваюць народнай шчырасцю і асаблівай душэўнасцю, якія прысутнічаюць у кожнай іх песні, вібруючы, вітаюць над аўдыторыяй, прымушаючы гледачоў то весела прытупваць у такт спеваў, то ўпотай змахваць няпрошаную слязу. Пра такіх, як гэтыя спявачкі, спецыялісты гавораць: не трымаюць гледача на адлегласці. Тамара Адамаўна працягвае свой расповед:

–У нашым хоры спяваюць сапраўдныя самародкі. Апрача Валянціны Іванаўны Зазерскай і Таццяны Яўгенаўны Шульгі касцяк хору надзейна трымаецца на адданых песеннай творчасці выканаўцах – Тамары Кандрацьеўне Грыневіч, Таццяне Паўлаўне Дзерваед, Наталлі Мікалаеўне Шамковай, Ніне Несцераўне Дзюбенцы, Наталлі Мікалаеўне Маскоўкінай, Людміле Пракопаўне Радзівоненцы, Ларысе Міхайлаўне Ганчаровай і іншых заўзятых прыхільніках харавых спеваў. Шырокі дыяпазон песеннай тэматыкі прыцягвае ў калектыў новых спевакоў. Тут настаўнікі, бібліятэкары, работнікі прамысловай сферы Арэхаўска.

Як звычайна, у складзе любога хору жаночыя галасы дапаўняюць, нібы аздабляючы, гучныя мужчынскія. У народным хоры з Арэхаўска сёння ўсяго чацвёра прадстаўнікоў моцнай палавіны чалавецтва. Аднак кожны з іх – прафесіянал у поўным сэнсе гэтага слова. Выдатныя спевакі – Іван Піліпавіч Чарныш – старшыня Арэхаўскага сельскага Савета, Аляксандр Леанідавіч Комлеў – намеснік дырэктара БелДРЭС, Канстанцін Віктаравіч Шэметаў – спецыяліст аддзела забеспячэння гэтага прадпрыемства, там жа працуе і Анатоль Міхайлавіч Шыркевіч.

У разнастайным рэпертуары народнага хору звыш за сто песень. Калектыў можа заняць у любой канцэртнай праграме больш за тры гадзіны, дэманструючы гледачам рэпертуар з беларускага і рускага фальклору, песень ваеннай тэматыкі, лірычных і сучасных твораў. У сугучнасці з часам тут робяць акцэнт на творчасць якога-небудзь асобнага папулярнага артыста эстрады, напрыклад, Надзею Бабкіну, уносячы ў яе песні нешта сваё. Людзям падабаецца, а значыць, праца ў гэтым накірунку, па словах кіраўніка, будзе прадоўжана. Разам з тым, даволі сур’ёзна тут ставяцца і да класічнага выканаўства: па тэматыцы і складанасці песню падаюць гледачу ў шматгалосым варыянце. Каму даводзілася чуць Чырванасцяжны ансамбль песні і пляскі імя А. Аляксандрава, той разумее, пра што ідзе гаворка.

Арэхаўскі народны хор з’яўляецца шасціразовым дыпламантам фестывалю “Дняпроў­скія галасы”. У 2008 годзе хор прыняў удзел у аглядзе-конкурсе самадзейных калектываў клубнага тыпу і дзіцячых школ мастацтваў аграгарадкоў Віцебскай вобласці і стаў дыпламантам. У гэтым жа годзе хор выступаў на пляцоўках фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2008”. Хор рэгулярна пацвяр­джае званне “Народны самадзейны калектыў”. У лістападзе 2009 года хор адзначыў свой 25-гадовы юбілей. Увесь гэты час побач з калектывам хору знаходзіцца вядомы ў шырокіх колах работнікаў культуры Мікалай Аляксеевіч Някрасаў. Музыкант, кампазітар, паэт – ён аддана працуе на развіццё культуры Аршан­шчыны. Адна з яго песень – нібы аўтабіяграфія самога творцы, які ўслаўляе сваю старонку: “Я рано встаю, песню пою, наверное, вечно так будет!” Сёння Мікалай Аляксеевіч з’яўляецца кіраўніком гэтага калектыву. Адметна, што хор папаўняецца прыхільнікамі харавых спеваў. Літаральна пасля заканчэння мерапрыемства падчас святкавання Дня пажылых людзей сюды прыйшлі дзве жыхаркі Арэхаўска – Дзяшук Галіна Апанасаўна і Булахава Галіна Рыгораўна.

Згодна з інфармацыяй даведнікаў, слова “хор” бярэ свой пачатак са Старажытнай Грэцыі, а харавыя спевы з’яўляюцца самым любімым і самым даступным відам мастацтва. Прадстаўнікі старэйшага пакалення добра памятаюць, як у сямідзясятыя-васьмідзясятыя гады шырока арганізоўваліся выступленні харавых калектываў прадпрыемстваў і арганізацый Савецкага Саюза. Потым на працягу некалькіх гадоў гэтая форма сцэнічнага майстэрства хаця і існавала, але была не так запатрабавана людзьмі. Тлумачылася гэта рознымі аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі прычынамі. Тым не менш, узгадваючы сваю дзей­насць у хоры, былыя ўдзельнікі ў момант нібы скідваюць з сябе дзясятак-другі гадоў, маладзеюць тварам, а ў вачах з’яўляецца незвычайнае святло – яны там, дзе пранікнёна гучыць моц галасоў… Па словах удзельнікаў Арэхаўскага народнага хору, калектыўная песня – гэта адпачынак ад складаных клопатаў рэчаіснасці, адтуліна, якая дае сілы, стварае настрой. Гэта само жыццё.

Ліна Гатоўская.

На здымку: Арэхаўскі народны хор.

Фота з архіва калектыву.

Добавить комментарий