УСЕ ШЛЯХІ ПРЫВОДЗЯЦЬ НЕ ДА РЫМА…

Уладзіміра Караткевіча сцежкі, шляхі, дарогі, гасцінцы заўсёды вялі да родных вербаў і бяроз. Сёння ў самым сэрцы нашага старажытнага горада – музей аршанскага Арфея. Нядаўна гэты культурны цэнтр адзначыў свой юбілей. Нагадаем, што перад сваімі першымі наведвальнікамі музей У. Караткевіча гасцінна адчыніў дзверы 1 лютага 2002 года. На святочны вечар “Юбілей слова і справы” сабраліся верныя сябры храма культуры і роднага слова.

На вуліцы мароз кусаў за шчокі. А ў музеі нібы грэла ўсіх ласкавае агністае сонейка – гэта свяціліся ўсмешкамі твары гасцей юбілейнага вечара. Кожнае слова, якое прагучала падчас сустрэчы, ішло ад самага сэрца. “Мы вельмі ганарымся, што ў нас ёсць такі музей”, – падкрэсліла начальнік аддзела культуры Аршанскага гарвыканкама Ганна Святлова (на здымку ў цэнтры). Яна адзначыла добрасумленную і старанную працу супрацоўнікаў установы культуры. “У музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны сёння вялікае свята, – расказаў дырэктар установы культуры Уладзімір Кузубаў, – у аднаго з нашых музеяў – юбілей”.

Многія госці прынеслі ў музей новыя каштоўныя экс­панаты. Напрыклад, Валянціна Сіднякова перадала супрацоўнікам кнігі і турку, якая належала Ула­дзіміру Караткевічу. Валянціна Міхайлаўна зазначыла, што ў музеі ёсць душа не толькі Караткевіча, але і ўсіх аршанцаў, якія маюць дачыненне да музея.

Лёс Ліліі Радомскай цесна звязаны з асобай Караткевіча. У святочны вечар аршанка расказала гасцям вечара шмат цікавых гісторый і таксама перадала ў музей падарункі.

Ва ўтульнай зале панаваў добры настрой. Прыемна было слухаць часам гарэзлівыя, часам лірычныя песні ў выкананні народнага ан­самбля народнай музыкі “Сакавінка” з ДШМ №3. На­дзвычай цёплым, шчырым і ўзнёслым было гэта свята. І па-асабліваму сяброўскім.

Марына СЯМАШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий