20 красавіка каталікі Оршы святкуюць Вялікдзень | віншаванне

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі! Хрысціянскі свет адзначае сваё найбольшае Свята – Уваскрэсенне Езуса Хрыста.

Свята Уваскрэсення Хрыста вучыць нас, што перамога жыцця над смерцю можа і павінна здзейсніцца перадусім у душы, у сэрцы чалавека. Уваскрэснуць з Хрыстом – азначае прыслухацца да Ягонага Слова і прыняць Яго ўсім сваім сэрцам.

Сёлета наша грамадства святкуе 80-годдзе перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Над той «карычневай чумой» ХХ стагоддзя, якая знішчыла дзясяткі мільёнаў людскіх жыццяў. Бесчалавечнасць другой сусветнай вайны, зрэшты, як і кожнай іншай, вынікае з непрыняцця або памылковага разумення праўды пра чалавека як істоты, створанай на Божы вобраз і падабенства. Жыццё, якое ён выслужыў нам праз пакутніцкую смерць на крыжы, і ўваскрэсенне. Таму вяртанне духоўнасці і маралі ў жыццё чалавека, як асабістае так і грамадскае, – неабходная ўмова выключэння такіх трагедый у будучым.

Уваскрэсенне Хрыста – гэта свята надзеі. Няхай яна ніколі нас не пакідае, але хай схіляе нашыя сэрцы да той крыніцы Жыцця і Праўды, крыніцы Міласэрнай Любові, якую мы маем ва Уваскрослым Хрысце! Яго блаславенне няхай спачне на кожнай вашай сям’і, на кожным доме і на ўсёй нашай роднай Беларусі!

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Са Святам!

Алег БУТКЕВІЧ, біскуп Віцебскі.
Фота Сяргея СЛЯПЦОВА.


Расклад святочных набажэнстваў у касцёлах г. Оршы глядзіце ў «Аршанскай газеце» № 30 ад 19.04.2025 г.