Жаночая гэта справа

Па выніках мінулага года працаўніца філіяла “Цяплічны” РУП “Віцебскэнерга” Зінаіда Куксянок (на здымку) стала пераможцай раённага спаборніцтва за званне “Лепшы агароднінавод”.

За добрасумленную і плённую працу на працягу 20 гадоў партрэт Зінаіды Міхайлаўны занесены на Ганаровую дошку прадпрыемства. На цяплічным участку ў 10 сотак, якія яна даглядае, летась ёй удалося сабраць каля 50 кг агуркоў з 1 квадратнага метра. Вынікі новых рэкордаў будуць вядомы пазней, бо збор сёлетняга агурковага ўраджаю яшчэ ў самым разгары.

Арэхаўскія агароднінаводы мяркуюць, што ён таксама будзе добры, бо агуркі “яні” ўрадзіліся на славу. Усяго ў цяпліцах прадпрыемства вырошчваюцца агуркі на чатырох гектарах, таматы – на двух гектарах. А ў адкрытым грунце “Цяплічнага” зараз ідзе пасадка капусты.

– Мы высаджваем сярэднія сарты капусты: “каранет” і “проктар”, а таксама познія: “леон”, “скандзік”, якія фарміруюць сярэднія качаны і добра захоўваюцца, – расказвае ўпраўляючы сельскагаспадарчага ўчастка адкрытага грунту Віктар Дубінец. – Пасеў праводзім спецыяльнай сеялкай, але без дапамогі працоўных рук жанчын тут усё роўна не абысціся.

З адказнасцю ставяцца да сваёй працы паляводы Алеся Цябут і Вольга Мажылоўская (на здымку), якія працуюць “на капусце” не першы год і вельмі старанна ставяцца да даручанага задання.

Людміла Людміна.

Фота аўтара.

Добавить комментарий