Старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Мароз і караўнікі сацыяльнай сферы наведалі музей У. С. Караткевіча | фота

XXXII Дзень беларускага пісьменства стартуе заўтра ў Лідзе. У гэтым годзе мерапрыемства прысвечана некалькім значным датам: 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю выхаду кнігі «Апостал» Францыска Скарыны, а таксама юбілеям выдатных беларускіх пісьменнікаў: А. Макаёнка, І. Шамякіна, Я. Сіпакова, І. Мележа, К. Крапівы.

Сярод іх і наш славуты зямляк, пісьменнік Уладзімір Караткевіч, творчасць якога праславіла Аршаншчыну на ўвесь свет. У лістападзе споўніцца 95 год з дня яго нараджэння. Аршанскі музей У. С. Караткевіча ўжо зараз рыхтуецца да святкавання гэтай значнай даты. Плануецца шэраг мерапрыемстваў.

– У хуткім часе будзе абвешчаны конкурс чытальнікаў вершаў Уладзіміра Сямёнавіча, – расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Настасся Смалякова. – А ў лістападзе адбудзецца прэзентацыя выставы. На ёй будуць прадстаўлены прадметы, якія зусім нядаўна папоўнілі фондавыя зборы Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны. Адзін з такіх прадметаў – гэта віншавальны ліст Уладзіміра Сямёнавіча калектыву Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Таксама гэта будуць і новыя выданні, і прадметы, якія з-за свайго стану захаванасці не могуць заўсёды знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі. Канешне, абвязкова будуць праходзіць літаратурныя чытанні і ў музеі, і каля помніка пісьменніку. Яшчэ мы рыхтуем шэраг артыкулаў з рознымі цікавымі звесткамі пра жыццё і творчасць Уладзіміра Сямёнавіча.

У канцы жніўня ў Аршанскім музеі У. С. Караткевіча адбылася цікавая сустрэча. Яго наведалі выхаванцы школы юнага літаратара, якая дзейнічае пры часопісе для падлеткаў «Бярозка». У ёй займаюцца дзеці з усёй Беларусі, якія цікавяцца выдавецкай дзейнасцю. Гэта была ўжо другая паездка школы юнага літаратара. У мінулым годзе яны, прачытаўшы нарыс Уладзіміра Сямёнавіча пра Вязынку, наведалі сядзібу, дзе нарадзіўся Янка Купала. А ў гэтым падлеткі вырашылі пабываць у Оршы з нагоды святкавання 95-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, а таксама наведаць мясціны, звязаныя з яго жыццём.

Разам з падлеткамі прыехаў перакладчык і даследчык творчаці Уладзіміра Сямёнавіча Пётр Жаўняровіч. Падчас сустрэчы музею былі прэзентаваны кнігі, у якіх змешчаны пераклады твораў У. Караткевіча на рускую мову. Гэта шасцітомнік, які зараз выдаецца ў Расіі. А хутка ў свет выйдзе 22-і том з 25-томнага збору твораў Уладзіміра Сямёнавіча. А ў пачатку гэтага года пляменніца пісьменніка Алена Сінькевіч передала музею новыя выданні твораў У. Караткевіча на беларускай мове.

Напярэданні Дня беларускага пісьменства старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Мароз з кіраўнікамі сацыяльнай сферы рэгіёна пабываў на экскурсіі ў музеі У. Караткевіча. Госці пазнаёміліся з жыццём і творчасцю нашага знакамітага класіка і атрымалі цікавыя звесткі пра пісьменніка.

А вы даўно былі ў музеі? Калі так, то самы час яго наведаць.

Вольга ЦІХАНАВА.
Фота аўтара і Сяргея СЛЯПЦОВА.

Поўная перадрукоўка тэксту і фатаграфій забаронена. Частковае цытаванне дазволена пры наяўнасці гіперспасылкі.