Пралетарскі ўніверсітэт у Оршы

Нагадаю, што наш горад мог стаць універсітэцкім яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, калі пасля закрыцця езуіцкага калегіума царскія ўлады вывучалі пытанне аб адкрыцці ў Оршы вышэйшай навучальнай установы. Але па розных прычынах гэта задума так і не была рэалізавана.

Пасля ўстанаўлення са­вец­кай улады на тэрыторыі РСФСР, у склад якой уваходзіла Орша, шырока адкры­валіся пралетарскія ўніверсі­тэты.

На жаль, інфармацыі аб існаванні Аршанскага пралетарскага ўніверсітэта не так і шмат. Нават пачатак яго дзейнасці многія аўтары называюць па-рознаму, але 10 лістапада 1919 года падаецца праўдзівай, бо навуковец А. Барток абапіраўся ў сваім даследаванні на архіўныя матэрыялы. Адкрыццё пралетарскага ўніверсі­тэта тлумачылася тады тым, што ў Оршы і наваколлі не хапала спецыялістаў з адпаведнай адукацыяй.

Універсітэт падпарад­коўваўся Віцебскаму гу­берн­скаму аддзелу адукацыі. Установа адукацыі знаходзілася ў будынку былой Аршанскай жаночай гімназіі (цяпер вуліца Міру, 6). Установа мела даволі багатую бібліятэку, аб чым сведчыць наяўнасць у фондах Нацыянальнай Бібліятэкі Беларусі 16 кніг са штампам «Библиотека Оршанского Пролетарского Университета». Гэта выданні па сацыяльна-гуманітарных навуках XIX — XX стагоддзяў на рускай і французскай мовах.

Ва ўніверсітэце былі адкрыты наступныя аддзяленні: Школа сацыяльных навук, сельскагаспадарчае аддзяленне, курсы чырвоных сясцёр і медбратоў, курсы замежных моў, камерцыйна-эканамічныя курсы, а таксама майстэрні.

У Школе сацыяльных навук чыталі лекцыі па савецкай Канстытуцыі, палітэканоміі, гісторыі сацыялізму, гісторыі рэвалюцыйнага руху, рускай літаратуры. Большасць выкладчыкаў былі са Смаленскага ўніверсітэта. Сярод мясцовых трэба згадаць Стратановіча Івана Адрэевіча, былога гарадскога галаву Оршы канца XIX — пачатку XX стагоддзя. За перыяд 1919-1920 г. выпускнікамі Школы сталі 60 чалавек.

На сельскагаспадарчым аддзяленні, акрамя курсаў па сельскай гаспадарцы, чыталі лекцыі па фізіцы і хіміі, лесазнаўстве і інш. Па колькасці навучэнцаў яны былі самымі буйнымі.

Найбольш папулярнымі былі камерцыйныя курсы, якія ўключалі лекцыі па эканоміцы.

Па выніках гадавой дзейнасці толькі гэтыя тры аддзяленні былі вызначаны паспяховымі. Праз пэўны час прафесійна-тэхнічныя курсы былі выведзены са складу ўстановы. Курсы медсясцёр працавалі два гады і былі вызначаны як непатрэбныя. Фармальна існавалі курсы замежных моў.

У выніку пралетарскі ўніверсітэт быў пераў­твораны ў рабочы факультэт, але агульная структура курсаў і будова ўстановы захаваліся.

В. ЛЮТЫНСКІ,
выкладчык АДМЭК, краязнавец.