Настаўнікі геаграфіі наведалі Мсціслаўль

Незвычайным аказалася адно з метадычных аб’яднанняў настаўнікаў геаграфіі школ Аршаншчыны. Дзякуючы генеральнаму дырэктару ААТ “Оршарайаграсервіс” Васілю Міхайлавічу Гароднікаву, які прадаставіў аўтобус, педагогі раёна змаглі  наведаць школьны музей “Гісторыя  роднай вёскі”, што ў Барздоўскай  сярэдняй школе, а таксама ажыццявіць карысную паездку  за межы Аршаншчыны.

Экспанаты ў школьны музей на працягу вось ужо 22 гадоў разам з рабятамі  цярпліва збірае кіраўнік музея, настаўнік  геаграфіі вышэйшай катэгорыі Валерый Георгіевіч Пячонкін. У музеі сабраны надзвычай цікавы матэрыял. Тут  багатая калекцыя нумізматыкі і прылад працы  ад каменнага веку да пачатку ХХ стагоддзя, рэчаў хатняга побыту, у тым ліку белараускіх ручнікоў, дакументаў аб гісторыі мясцовасці  з гістарычных архіваў Літвы, Расіі, Беларусі.

Затым шлях нашай групы прадоўжыўся далей, да старажытнага Мсціслаўля, які  быў заснаваны продкамі  ў жывапіснейшым месцы, на шасці ўзгорках  каля ракі Віхра. Мсціслаў, як і Орша, належыць да  найбольш старажытных гарадоў Беларусі. Напрыклад, на Замкавай гары падчас раскопак была знойдзена другая на Беларусі берасцяная грамата, а мясцовы гісторыка-археалагічны  музей, з экспазіцыямі якога настаўнікі знаёміліся  падчас экскурсіі, багаты на ўнікальныя  артэфакты, якіх не сустрэнеш нават у  цэнтральных музеях.

Мсціслаўль  не здарма называюць  жамчужынай Беларусі. Менавіта тут размешчаны  Свята-Успенскі Пустынскі мужчынскі манастыр, якому сёлета спаў-няецца 630 гадоў. Заснаваны ён быў  мсціслаўскім князем Лунгвенам-Сімяокам. Ва ўзросце 30 гадоў князь сур’ёзна захварэў і амаль страціў зрок. Аднойчы ў сне яму з’явіўся старац і сказаў: “Калі хочаш вярнуць зрок, з’ездзі  ў пустынь, знай-дзі там крыніцу і абмый вочы яе вадой”. Князь так і зрабіў. А калі  зрок цудоўным чынам да яго вярнуўся, то першае, што ўбачыў князь, была ікона Багародзіцы. Яна ззяла благадатным святлом у галінках дрэва над крыніцай. На гэтым месцы  Лунгвен загадаў заснаваць манастыр, а над крыніцай паставіць царкву Ражства Маці Божай.

Цікава, што святая крыніца, цалебная вада якой калісьці пазбавіла ад немачы князя, не высыхае летам і не замярзае зімой. Тэмпература вады ў ёй заўсёды плюс 4 градусы. Калі мы падышлі да святыні, з яе набіралі ваду паломнікі з Расіі. Мы таксама набралі ў ёмістасці цалебнай вадзіцы для сябе і сваякоў і рушылі  ў зваротны шлях. Па дарозе дзяліліся ўражаннямі і выказалі аднадушнае меркаванне: такім паездкам належыць быць і далей.

Ад імя настаўнікаў геаграфіі школ раёна і аддзела адукацыі  Аршанскага райвыканкама  выказваем глыбокую ўдзячнасць  кіраўніцтву райаграсервіса.  Жадаем усім плённай працы і спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва.

Т. ВАРАБ’ЁВА, метадыст раённага аддзела адукацыі.

Добавить комментарий