Купальская магія сабрала гасцей у «Казачнай краіне» у Оршы

У дзіцячым парку «Казачная краіна» адбылося яркае і каларытнае свята фолк-фэст «Купальскія таямніцы». Мерапрыемства сабрала жыхароў і гасцей раёна, якія з задавальненнем акунуліся ў атмасферу старажытных беларускіх традыцый, народных абрадаў і легенд.

Арганізатары падрыхтавалі для наведвальнікаў насычаную праграму, якая дазволіла кожнаму не толькі адпачыць, але і дакрануцца да багатай культурнай спадчыны беларускага народа. На тэрыторыі парку працавалі тэматычныя інтэрактыўныя пляцоўкі: «Чароўная вада», «Купальскае полымя», «Таямніцы зямлі», «Галасы ветру» і «Купальскі дзявочнік». Кожная з іх раскрывала свой сімвал аднаго з самых загадкавых і любімых народных свят.

Асаблівую цікавасць у дзяцей і дарослых выклікала магчымасць самастойна сплесці традыцыйны купальскі вянок – адзін з галоўных сімвалаў свята. Майстры і валанцёры ахвотна дзяліліся сакрэтамі пляцення, расказвалі пра значэнне розных кветак і траў, якія здаўна выкарыстоўваліся ў купальскіх вянках.

На пляцоўках госці знаёміліся з даўнімі абрадамі і павер’ямі нашых продкаў, прымалі ўдзел у народных гульнях, адгадвалі загадкі, варажылі на шчасце і сустрэліся з персанажамі беларускіх легенд. Такая інтэрактыўная форма дазволіла ўдзельнікам не проста назіраць за святам, а стаць яго непасрэднымі героямі.

Не менш насычанай была і канцэртная праграма. На сцэне амфітэатра свае творчыя нумары прадставілі калектывы Аршанскага раёна. Народныя і сучасныя песні, запальныя танцы, фальклорныя кампазіцыі і яркія сцэнічныя вобразы стваралі непаўторную атмасферу сапраўднага народнага гуляння. Артысты дарылі гледачам добры настрой, а гледачы дзякавалі ім шчырымі апладысментамі.

На жаль, капрызы надвор’я ўнеслі свае карэктывы ў ход свята. Дождж, які пачаўся нечакана, не дазволіў давесці праграму да лагічнага завяршэння.

Аднак нават гэта не сапсавала ўражанняў ад фестывалю.

А тым, каму не хапіла магіі купальскай ночы, не варта засмучацца. 11 ліпеня ўсіх аматараў народнай культуры чакае маштабнае рэспубліканскае свята «Александрыя збірае сяброў – 2026». Гасцей чакае багатая канцэртная праграма, выставы майстроў народнай творчасці, рамесныя падворкі, тэматычныя пляцоўкі, народныя забавы і шмат яркіх уражанняў. Гэта будзе выдатнай магчымасцю працягнуць знаёмства з беларускімі традыцыямі і яшчэ раз адчуць непаўторную атмасферу народнага свята.

Віктар САСНОЎСКІ.
Фота аўтара.

Поўная перадрукоўка тэксту і фатаграфій забаронена. Частковае цытаванне дазволена пры наяўнасці гіперспасылкі.