У храме Купалаўскага слова

Янка Купала любіў адпачываць на сваёй дачы ў Ляўках, бо кожнае дрэўца, птушыны спеў і нават непрыкметная галінка натхнялі і ўраджвалі паэта.

Раённае свята паэзіі – мерапрыемства традыцыйнае, на якое заўсёды збіраюцца прыхільнікі творчасці Я. Купалы, людзі, нераўнадушныя да паэзіі. Вось і сёлета на купалаўскай дачы ў Ляўках хлебам-соллю вядомых аршанскіх паэтаў і пісьменнікаў – Канстанціна Нілава, Анатоля Прохарава, Леаніда Лазуркіна і сям’ю Трафімавых – Галіну і Сяргея – сустракалі намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Ала Цярэнцьева, начальнік аддзела культуры Святлана Чобат, ансамбль “Купалаўцы” (кіраўнік М. Някрасаў).

Спачатку госці азнаёміліся з экспанатамі раённага Дома рамёстваў, з бібліятэчнай выставай кніг “У храме Купалаўскага слова”, карцінамі знакамітага  Зубаўскага мастака Генадзя Шкрэдава, паглядзелі прадстаўленне тэатра лялек “Батлейка” пад назвай “У ноч на Івана Купала”, а таксама пабывалі на экскурсіі ў купалаўскім музеі. Дырэктар філіяла музея Т. Крына ўзгадала некаторыя біяграфічныя звесткі пра Купалу, расказала, як у цішы ляўкоўскіх мясцін нараджаліся вершаваныя радкі.

Каля помніка паэту госці ўсклалі кветкі і паслухалі выступленне члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Канстанціна Нілава, а на імправізаванай сцэне паэты чыталі ўласныя вершы, гучалі песні ў гонар беларускага песняра.

Н. ТУРОК

Добавить комментарий