У Оршы адзначылі 96-годдзе Уладзіміра Караткевіча | фота

26 лістапада ў Оршы ля помніка знакамітаму земляку, класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу адбыўся ўрачысты мітынг, прымеркаваны да 96-годдзя з дня яго нараджэння.

У Дняпроўскім парку сабраліся супрацоўнікі музеяў і бібліятэк, творчая інтэлігенцыя, навучэнцы школ і каледжаў, а таксама шматлікія жыхары горада, каб ушанаваць памяць пісьменніка.

У сваіх прамовах удзельнікі мерапрыемства адзначылі, што постаць Уладзіміра Караткевіча з’яўляецца сапраўдным духоўным сімвалам не толькі для Аршаншчыны, але і для ўсёй Беларусі. Яго творы, прасякнутыя бязмежнай любоўю да роднай зямлі, яе гісторыі і людзей, працягваюць выхоўваць новыя пакаленні патрыётаў і застаюцца актуальнымі па-за часам.

Напрыканцы мітынгу ўдзельнікі ўсклалі жывыя кветкі да падножжа помніка, выказаўшы сваю глыбокую павагу і ўдзячнасць майстру пяра. Урачыстасць стала нагодай пра тое, што светлая памяць пра Уладзіміра Караткевіча жыве ў сэрцах яго землякоў, а ягоная багатая літаратурная спадчына застаецца невычэрпнай крыніцай натхнення.

Пасля ў філіяле “Аршанскі музей У. С. Караткевіча” установы культуры “Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны» прайшла ўрачыстая літаратурная гасцёўня “Быў. Ёсць. Буду.”. Мерапрыемства было прысвечана 96-годдзю з дня нараджэння славутага земляка, класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.

У гэты дзень сцены музея аб’ядналі шчырых прыхільнікаў творчасці пісьменніка, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, краязнаўцаў, педагогаў і моладзь. Сустрэча прайшла ў асаблівай, натхнёнай атмасферы, дзе кожны змог адчуць непарыўную сувязь пакаленняў і глыбокую павагу да спадчыны майстра слова.

На працягу ўсёй сустрэчы гучалі знакамітыя вершы Уладзіміра Караткевіча, урыўкі з яго празаічных твораў. Сваёй творчасцю падзяліліся ўдзельнікі народнага літаратурнага аб’яднання “Дняпроўскія галасы”: Пётр Аўраменка, Аляксандр Лапцеў, Вольга Крываносава, Тамара Краеўская, Ларыса Рудкоўская, Валянціна Марозава, а таксама Рыта Вайстрова з клуба паэзіі “Натхненне” Палаца культуры горада Баранi.

Важнай падзеяй гасцёўні стала ўрачыстае падвядзенне вынікаў ужо традыцыйнага раённага анлайн-відэаконкурсу чытальнікаў «Бацькаўшчына светлая мая», які праводзіцца сумесна з Аршанскім раённым камітэтам грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. На конкурс была накіравана вялікая колькасць заявак у розных узроставых катэгорыях. Лепшыя выканаўцы, якія найбольш пранікнёна і артыстычна прачыталі творы класіка, атрымалі заслужаныя дыпломы і памятныя падарункі.

Дыпломамі першай ступені ў катэгорыі ад 14 да 17 год ўзнагароджаны Аліна Феафілава (сярэдняя школа № 15 г. Барані) і Юлія Языкова (гімназія № 1 г. Оршы імя Г. В. Сямёнава), другой ступенi – Анастасія Машарская (сярэдняя школа № 8 г. Оршы) і Арына Будкевіч (Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання імя М. А. Карначонка), трэцяй ступенi – Аліна Сафонава (сярэдняя школа № 7 г. Оршы). У другой узроставай катэгорыі ад 18 да 23 год пераможцам першай ступені стала Сабіна Уласевіч (Аршанскі дзяржаўны медыцынскі каледж).

Ганаровы госць, беларускі мастацтвазнаўца і мастацкі крытык, Мікалай Паграноўскі падзяліўся цікавымі фактамі пра Оршу і пра жыццё Уладзіміра Сямёнавіча. Ён адзначыў, што менавіта родны горад на Дняпры быў для яго галоўнай крыніцай натхнення, а літаратурная гасцёўня яшчэ раз пацвердзіла, што творчасць Караткевіча не губляе сваёй актуальнасці, працягвае хваляваць сэрцы чытачоў і выхоўваць любоў да роднай зямлі і беларускай мовы.

Н. КОРБАН, загадчык Аршанскага музея У. С. Караткевіча.
Фота Сяргея СЛЯПЦОВА.

Поўная перадрукоўка тэксту і фатаграфій забаронена. Частковае цытаванне дазволена пры наяўнасці гіперспасылкі.