“Ладдзя творчасці і жыцця”: у Оршы адбылася прэзентацыя выставы да 96-годдзя Караткевіча

26 лістапада ў Аршанскім музеi У. С. Караткевіча адбылася ўрачыстая прэзентацыя маштабнай мастацкай выставы «Ладдзя творчасці і жыцця Уладзіміра Караткевіча». Экспазіцыя, падрыхтаваная майстрамі Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Еўразійская мастацкая садружнасць», стала знакавай падзеяй у культурным жыцці горада і прымеркавана да 96-годдзя з дня нараджэння вялікага беларускага класіка.

У межах экспазіцыі прадстаўлены творы жывапісу і графікі, створаныя мастакамі з розных рэгіёнаў. Аўтары прац звярнуліся да багатай літаратурнай спадчыны пісьменніка, яго філасофскага бачання свету, а таксама да маляўнічых краявідаў роднай для Караткевіча Аршаншчыны і Дняпра, якія заўсёды былі для яго галоўнай крыніцай натхнення. Сімвалічны вобраз ладдзі ў назве праекта падкрэслівае непарыўную сувязь жыццёвага шляху творцы з яго неўміручым словам, якое працягвае хваляваць новыя пакаленні чытачоў і мастакоў.

Падчас прэзентацыі ў музейных залах панавала асаблівая творчая атмасфера. На адкрыццё выставы завіталі прадстаўнікі аб’яднання «Еўразійская мастацкая садружнасць», супрацоўнікі музея, мясцовыя краязнаўцы, літаратары і шматлікія прыхільнікі таленту Караткевіча. Госці мерапрыемства мелі магчымасць пагутарыць з аўтарамі карцін, даведацца пра гісторыю стварэння палотнаў і пачуць пранікнёныя радкі з твораў класіка.

Супрацоўнікі музея адзначылі, што падобныя праекты дазваляюць па-новаму зірнуць на постаць пісьменніка праз прызму выяўленчага мастацтва і яшчэ раз нагадваюць пра веліч яго ўкладу ў скарбонку нацыянальнай культуры.

Выстава «Ладдзя творчасці і жыцця Уладзіміра Караткевіча» будзе працаваць у музеі на працягу бліжэйшага часу. Запрашаем жыхароў і гасцей Оршы дакрануцца да жывой памяці пра славутага земляка.

Н. КОРБАН, загадчык Аршанскага музея У. С. Караткевіча.
Фото аўтара.