“БУКЕТ ПААЗЕР’Я” ЗАЗІХАЦЕЎ НАД АРШАНСКАЙ ЗЯМЛЁЙ

Народная творчасць, лірыка і ўвогуле народнае мастацтва – жамчужына ў фальклорнай скарбонцы беларусаў, дзе вёска з’яўляецца своеасаблівай апорай звычаяў, абрадаў, старых, традыцыйных песень нашых продкаў. Захаваць, зберагчы, адрадзіць гэту спадчыну – наш абавязак.

У мінулую пятніцу Аршанская зямля сустракала ўдзель­нікаў першага на Віцебшчыне абласнога свята “Букет Паазер’я”, якое сабрала пад сваё крыло больш за 30 калектываў народнай творчасці. На вялікай плошчы Калегіума іезуітаў разгарнуўся сапраўдны кірмаш самабытнай культуры, нацыянальнай кухні і фальклору. Кожны раён прадставіў свой падворак. Тут можна было ўбачыць і на­быць вырабы з лазы, гліны, саломы, паназіраць, як ткуцца паясы і пакрывалы, пачаставацца рознымі прысмакамі, прыгатаванымі па рэцэптах нашых бабуль. Тут і яечня, падсмажаная на патэльні, і вэнджаны кумпячок, духмянае сальца, румяныя пампушкі, мядовы квас і, канечне ж, бульба. Асабліва даспадобы прыйшліся вырабы народнага аматарскага аб’яднання “Гаспадынька” з Аршанскага раёна.

Пакуль адны наведвальнікі свята ўважліва знаёміліся з падворкамі кожнага раёна Віцебшчыны, на сцэнічнай пляцоўцы гледачы горача віталі артыстаў з Дуброўна, Сянно, Шуміліна, Міёр, Полацка, Віцебска, Лепеля, Лёзна, Расонаў, Гарадка, Ушач, Оршы на канцэрце-аглядзе фальклорных калектываў і індывідуальных выканаўцаў.

Нібы каляровае пакрывала, у імгненне раскінуліся над Аршаншчынай народныя песні. І былі яны, то павольна задуменныя, то гарэзліва вясёлыя. А ўся канцэртная праграма была пабудавана такім чынам, каб можна было прасачыць усе народныя святы беларусаў: ад гукання вясны да калядак. Адкрыў канцэртную праграму народны фальклорны калектыў “Гульбічы” Шумілінскага раёна. А як задушэўна спявалі Тамара Дзядкова з Лёзненскага раёна, Таццяна Смольская з Чашнікаў і Таццяна Раева з Гарадка. За сэрца бралі і выступленні народных фальклорных калектываў “Медуніца” (Лёзненскі раён), “Іставіца” (Міёрскі раён), “Голас спадчыны” (Полацкі раён). Прыўзнялі настрой гледачам таксама этнаграфічнае аматарскае аб’яднанне “Поўнач” з Віцебска, народны фальклорны гурт “Аршаначка” і ўзорны фальклорны калектыў “Шчодрыкі” Аршанскага раёна.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №63 за 4 июня 2013 года).

Фота Н. ТУРОК.

Добавить комментарий