Працягваць супрацоўніцтва

Наш горад зноў сустракаў гасцей – на гэты раз удзельнікаў творчага аб’яднання “Традыцыя”, выстава творчых работ якіх, прысвечаная 65-годдзю Вялікай Перамогі, прайшла ў Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі.

У адкрыцці выставы прынялі -ўдзел адміністрацыя нашага горада ў асобе першага намесніка старшыні гарадскога выканаўчага камітэта Мікалая Віктаравіча Саксонава, які шчыра падзякаваў мастакам за прадастаўленую аршанцам магчымасць убачыць дадзеную выставу, а таксама непасрэдна мастакі, члены творчага аб’яднання “Традыцыя” – гэта заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаурэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыня аб’яднання “Традыцыя” і адначасова дэкан мастацкага факультэта Беларускай Акадэміі мастацтваў Уладзімір Уродніч, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаурэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўнік Студыі ваенных мастакоў Мікалай Апіёк, а таксама сябра Саюза мастакоў Беларусі Мікалай Таранда.

Немалаважна і тое, што пасля прадстаўлення дадзенай выставы ўдзельнікаў творчага аб’яднання “Традыцыя” ў залах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, яна адразу была экспаніравана ў нашым горадзе. Наступнымі, хто ўбачыць экспазіцыю аб’яднання “Традыцыя”, стануць жыхары гарадоў Віцебска, Магілёва і Светлагорска.

Праслаўленне воінаў Вялікай Айчыннай вайны, радасць мірнага жыцця і працы на зямлі, сціплая і такая блізкая сэрцу беларуская прырода – усё гэта можна было ўбачыць на выставе “Памятае зямля беларуская” ў калегіуме Іезуітаў. Творы майстроў выкананы ў розных жанрах. Тут можна было ўбачыць партрэты, пейзажы, сюжэтна-тэматычныя карціны, нацюрморты, аўтарства якіх належыць вядучым майстрам мастацкай творчасці, такім, як Барыс Аракчэеў, Уладзімір Гардзеенка, Май Данцыг, Леанід Дударэнка, Святаслаў Федарэнка і многія іншыя. Арганізатарамі выставы выступілі Беларускі саюз мастакоў, творчае аб’яднанне “Традыцыя” і ўстанова культуры “Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны”.

Нагадаю чытачам, што творчае аб’яднанне “Традыцыя”, у якое на сёння ўваходзіць 28 мастакоў, пачало сваю дзейнасць у 2003 годзе. Праз сваю творчасць удзельнікі аб’яднання спавядаюць рэалістычнае мастацтва, галоўнымі прынцыпамі развіцця якога з’яўляюцца дабро, справядлівасць, выяўленне лепшых чалавечых якасцей беларускага народа. Гэта, як нельга лепш перадалі карціны выставы “Памятае зямля беларуская”.

Адметна, што госці былі ўражаныя нашым адноўленым пасля “Дажынак” горадам, некаторыя нават параўналі Оршу з еўрапейскімі сталіцамі. Не застаўся неадзначаным і калегіум Іезуітаў, у прыватнасці, гарадская мастацкая галерэя В.А. Грамыкі, яе выдатная планіроўка і маштабнасць. Госці выказалі жаданне працягваць супрацоўніцтва з гасціннай Оршай і надалей экспанаваць у галерэі свае творчыя работы.

Выставу творчага аб’яднання “Традыцыя” вы зможыце наведаць да 11 жніўня ва ўсе дні, акрамя панядзелка, з 9.00 да 18.00.

А. ШУРДУКОВА

Добавить комментарий