На нашай ніўцы справім “Дажынкі”

На нашай ніўцы справім “Дажынкі”

На Аршаншчыне завяршылася ўборачная кампанія. У гэтым годзе яна была асабліва спякотнай як у прамым, так і пераносным сэнсе. Скончыліся напружаныя дні і для маладых хлебаробаў ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” Аляксея Парчэўскага і Ігара Клімянкова, якім не аказалася роўных сярод сапернікаў з усёй Віцебскай вобласці, бо яны намалацілі 2013 тон зерня.

Дырэктара ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” Аляксандра Фірсіна перапаўняе гордасць за сваіх падначаленых. З другога боку, ён на ўсе сто працэнтаў быў упэўнены, што маладыя хлебаробы не падвядуць, бо хлопцы заўсёды ставіліся да працы з асаблівай адказнасцю. Аляксей Парчэўскі, напрыклад, ужо дастаткова вопытны механізатар і не першы год лідзіруе на жніве, удзельнічае ў конкурсах прафесійнага майстэрства. Побач з ім набіраецца вопыту і прафесіяналізму і Ігар Клімянкоў – хлопец, для якога другарадных спраў ніколі не бывае. Ён чалавек слова: сказаў, значыць, зробіць.

Па характары Аляксей і Ігар – аптымісты. Не ў іх звычцы скардзіцца на цяжкі лёс селяніна. Яны заўсёды з бадзёрым настроем прымаюцца за працу. У гэтым, пэўна, і ёсць палова поспеху маладых хлебаробаў.

У гэтыя дні да Аляксея Парчэўскага і Ігара Клімянкова павышаная ўвага з боку прадстаўнікоў мясцовай улады, Віцебскага аблвыканкама, сродкаў масавай інфармацыі. Яны толькі і паспяваюць прымаць віншаванні, падарункі, даваць інтэрв’ю. Праўда, як прызналіся самі хлебаробы, гаварыць прыгожа яны не ўмеюць- і быць заўсёды ў полі зроку, як папулярныя “зоркі”, ім не звыкла. А калі паразважаць, Аляксей і Ігар – самыя сапраўдныя героі хлебнай нівы, бо ад спрытнасці і ўмення іх працавітых рук залежыць, наколькі важкім будзе каравай.

На мінулым тыдні маладых хлебаробаў зноў наведаў начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка і старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Кузьмянкоў, каб у чарговы раз павіншаваць з перамогай на жніве і ўручыць падарункі. Спадзяёмся, што нашы хлопцы і ў гэтым годзе адправяцца на свята працаўнікоў сяла “Дажынкі-2010”.

Н. ТУРОК

Добавить комментарий