На працягу тыдня ў Оршы ўспамінаюць Уладзіміра Караткевіча

Уладзімір Караткевіч – вядомы паэт, празаік, драматург, сцэнарыст, эсэіст, Короткевичперекладчык, літаратурны крытык. Але перш за ўсё ён – заснавальнік нацыянальнага гістарычнага рамана.
А пачалося ўсё ў Оршы. Менавіта тут 26 лістапада 1930 года з’явіўся на свет будучы пісьменнік. “Я ўраджэнец той часткі Беларусі, якая ляжыць на Дняпры… Продкі мае таксама адсюль…” – пісаў Уладзімір Сямёнавіч. Літаратурныя здольнасці ў яго праявіліся з ранняга дзяцінства: першыя вершы пачаў пісаць у 6 гадоў, трохі пазней спрабаваў ствараць і апавяданні, якія сам жа ілюстраваў. Малюнкі пісьменніка і яго сяброўскія шаржы нават выдадзены асобнай кнігай. Пасля заканчэння сярэдняй школы хлопец падаў дакументы на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта. У час вучобы Уладзімір Караткевіч сур’ёзна займаецца навуковай працай, мяркуючы звязаць лёс з літаратуразнаўствам. Разам з тым, студэнт Караткевіч ужо напісаў першы варыянт аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, яго вершы надрукаваны ў раёнцы “Ленінскі прызыў”. Летам 1955 года верш маладога паэта пад назвай “Машэка” быў змешчаны ў часопісе “Полымя”. “Гэта пераламіла мой лёс. Потым з’явіліся яшчэ вершы”, – успамінаў пісьменнік.
Шчыры і таленавіты майстар слова, першаадкрывальнік шматлікіх тэматычных пластоў у нашай нацыянальнай літаратуры, Уладзімір Караткевіч з аднолькавай шчодрасцю дарыў чытачу прыгодніцкую рамантыку, праўдзівую жорсткую гісторыю і лёгкую лірыку вершаваных радкоў. Важкі ўплыў на фарміраванне светапогляду Уладзіміра Караткевіча як асобы і творцы аказалі літаратурныя і вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскве. Атмасфера сяброўства, вывучэнне цікавых дысцыплін, новыя стасункі далі магчымасць пісьменніку ўпэўніцца ў правільнасці абранага шляху. Перыяд 60-70-х гадоў у біяграфіі Караткевіча адметны яшчэ і актыўнай грамадскай дзейнасцю. Уладзімір Сямёнавіч шмат выступае і піша аб неабходнасці зберажэння беларускай мовы, скурпулёзна шукае і даследуе старажытныя помнікі дойлідства, этнаграфіі і фальклору, на беларускім тэлебачанні вядзе праграму “Спадчына”, прысвечаную мінуламу Беларусі.
Увесь гэты час Уладзімір Караткевіч плённа працуе. З-пад яго пяра выхо-дзяць сусветна вядомыя “Каласы пад сярпом тваім”, “Леаніды не вернуцца да зямлі”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Ладдзя роспачы”, “Зямля пад белымі крыламі”, зборнік-запавет “Быў. Ёсць. Буду”. Творы Уладзіміра Сямёнавіча перакладзены на польскую, нямецкую, японскую, чэшскую, украінскую і іншыя мовы. Фільмы і тэатралізаваныя пастаноўкі па творах нашага земляка Уладзіміра Караткевіча і сёння не страчваюць сваёй актуальнасці, бо нясуць у сабе філасофскі сэнс жыцця нацыі, прымушаюць думаць пра спрадвечнае – свае карані…
Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу сёлета споўнілася б 84 гады… І хаця яго жыццёвы шлях абарвала бязлітасная хвароба, творчая спадчына пісьменніка жыве. Ужо ўбачыў свет 7 том з другога, 25-томнага выдання твораў нашага знакамітага земляка. Уладзіміра Караткевіча ўспамінаюць, яго жыццяпіс даследуюць, да яго едуць і ідуць, бо толькі сапраўднаму таленту падуладна незямное разуменне духу эпох і часу.

В. ПЛЕСКАЧ,
навуковы супрацоўнік музея
У. Караткевіча.

Добавить комментарий