На Аршаншчыне пачалася пасяўная

Пасяўной кампаніі дадзены старт. У адкрытым акцыянерным таварыст­ве “Агракамбінат “Юбілейны” зараз вядзецца падкормка азімых культур, сенажацяў і пашы. На палетках прадпрыемства штодзень працуюць пяць агрэгатаў, два з іх – гэта “Раса” для ўнясення вадкіх угнаенняў.

Трактарыст-машыніст Дзмітрый Новікаў

Трактарыст-машыніст Дзмітрый Новікаў

Сёлета “Юбілейнаму” трэба падкарміць 3602 га азімых культур, сенажацяў і пашы – 850 га. Пло­шчы значныя, ды і час у гэтую пару заўсёды на вагу золата – трэба ўкласціся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, каб пасля прыступіць непасрэдна да сяўбы.
На падкормцы азімых на ўчастку “Зубава” працуе звяно з пяці чалавек. Пад кіраўніцтвам агранома-хіміка Васіля Багаценкі гэта – Сяргей Дзянісаў, Дзмітрый Новікаў, Анатоль Баяроўскі, Максім Сярноў, Уладзімір Лугаўцоў. У кожнага – свая адказная задача. Сяргей Дзянісаў і Дзмітрый Новікаў непасрэдна занятыя на ўнясенні ўгнаенняў. Яны шчыруюць на “Росах”.
Трактарыстаў-машыністаў ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” Дзмітрыя Новікава і Сяргея Дзянісава карэспандэнт газеты застала ў полі. Каб зрабіць фотоздымак і ўзяць інтэрв’ю, Дзмітрыю прыйшлося ненадоўга спыніць сваю работу, а Сяргей у гэты час шчыраваў.
На прадпрыемстве Дзіма Новікаў працуе дзявяты год і ўжо чацвёртую вясну – на “Расе”. Расказвае, што працэс падкормкі разлічаны літаральна па хвілінах. Навігацыя, якая ўсталявана ў кабіне яго машыны, дапамагае забяспечыць максімальна якаснае выкананне задання па падкормцы азімых культур, а выкарыстанне перанасной мотапомпы для запраўкі ўніверсальнага энергетычнага сродка “Раса”, а таксама граматная арганізацыя працы дазваляюць ўкласціся ў тэхналагічныя тэрміны, што вельмі важна.
З вясны да восені Дзмітрый Новікаў і Сяргей Дзянісаў будуць занятыя на палявых работах. Пасля ўнясення ўгнаенняў трэба рыхтаваць глебу, а летам іх чакае самы важны экзамен – жніво. Ад таго, як яны вытрымаюць гэтае выпрабаванне, залежыць, як спрацуюць на сёлетняй сяўбе. Давайце пажадаем усім аграрыям раёна паспяховага старту на вясенніх палявых работах!

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий