Уменне чуць прыроду

Андрэй Чыгіраў

Такім дарам валодае  таленавіты разьбяр па дрэве, жыхар Копысі Андрэй Мікалаевіч Чыгіраў. Як філасофскі  разважае  сам майстар, на працу  яго заўсёды натхняе  прырода, а дакладней, багаты раслінны свет  беларускай  зямлі. Яго незвычайныя, вельмі цікавыя работы, у якіх прысутнічае нешта ад язычніцтва,  егіпецкіх сфінксаў,  нікога не пакідаюць раўнадушнымі.

Яшчэ да школы  ён захапіўся маляваннем, а крыху пазней, класе ў чацвёртым, упершыню трапіўшы ў  майстэрню  гуртка  разьбы па дрэве,  хлопчык   адчуў  ні з чым непараўнальны водар  дрэва. Гэта акалічнасць  праз некалькі гадоў   і вырашыла  далейшы лёс  будучага  майстра:  выпускнік мастацкага вучылішча Андрэй  Чыгіраў  усур’ёз заняўся разьбой па дрэве. У  Магілёве, дзе раней жыў  і працаваў  разьбяр, добра ведаюць яго творчасць, аднак лёс склаўся так, што  нейкі час таму ён пераехаў на пастаяннае месца жыхарства  ў найпрыгажэй-шы куточак Аршаншчыны  –  Копысь. Андрэй Мікалаевіч  у поўным захапленні ад пасёлка:

– Месца тут выдатнае! Столькі  самых  розных дрэў навокал. Раней я працаваў  пераважна  з ліпай і дубам, а цяпер   выкарыстоўваю  ў рабоце і вярбу, бо яна пластычная і мяккая. Не горшыя па структуры   ясень і бяроза.  Калі  палю ў печы, то раз-пораз  адкладваю ўбок  тое ці іншае палена, каб потым  штосьці з яго выразаць. У кожнага дрэва – свая структура і свой характар, і перш чым прыступіць да работы, я заўсёды слухаю:  на якую сцежку-дарожку яно мяне накіруе.

За  два гады жыцця ў Копысі Андрэй Мікалаевіч  зрабіў многае. Даведаліся пра  таленавітага разьбяра і ў Оршы, адразу запрасіўшы прыняць удзел у пленэры  драўлянай скульптуры, прысвечанай 65-годдзю Вялікай Перамогі. Праз нейкі час Чыгіраў быў залічаны  ў спіс майстроў Аршанскага гарадскога Дома рамёстваў. Сёння тут адкрыта экспазіцыя  твораў майстра, якая  зацікавіць кожнага, бо, напэўна, не знайсці чалавека, які б не захапляўся вырабамі з дрэва.

Майстар-філосаф Андрэй Чыгіраў –  надзвычай цікавы субяседнік. Ён творца не толькі ў рабоце, але і ў гутарцы. Андрэй Мікалае-віч сцвярд-жае, што  паміж ім і дрэвам існуе нябачная сувязь, дзякуючы якой ён і вызначае  сваю будучую работу. Асабліва па душы мастаку  вобраз жанчыны. Дарэчы, на выставе ў пераважнасці прадстаўлены работы менавіта гэтага накірунку. Майстар нічога не плануе наперад. На яго думку, ідэя, а потым і назва твора прыхо-дзіць сама па сабе. Пастаянны працэс пошуку суправа-джае разьбяра па ўсім жыцці, і не так важна, будзе твор зроблены адным узмахам сякеры, або справа прадоўжыцца шмат часу: работа  акрыляе, натхняючы на новыя планы. А яны ў Андрэя Чыгірава  вялікія.

Ліна ГАТОЎСКАЯ

Добавить комментарий