Сям’я аршанцаў адсвяткавала залатое вяселле

Віктар Міхайлавіч і Ганна Васільеўна Сянчылы

Не так даўно Віктар Міхайлавіч і Ганна Васільеўна Сянчылы адсвяткавалі «залатое» вяселле. Але «маладажонам» здаецца, што за плячыма ў іх не 50, а ад сілы ўсяго гадоў дзесяць сумеснага жыцця.

Паўвека разам… Твары юбіляраў свецяцца радасцю. Нягледзячы на выпрабаванні, непаразуменні і перашкоды, Віктар Міхайлавіч і Ганна Васільеўна, падтрымліваючы, дапамагаючы, падбадзёрваючы і моцна кахаючы адзін аднаго, пражылі, як яны лічаць, цудоўнае жыццё. І па-ранейшаму ў іх вачах можна «прачытаць» шчасце, захапленне і натхненне сваёй другой палавінкай.

А ўсё пачыналася ў 60-м годзе мінулага стагоддзя, калі пазнаёміліся Віктар Міхайлавіч і Ганна Васільеўна. Гісторыя знаёмства гэтай прыгожай пары – адна з самых што ні ёсць простых і звычайных. Малады завідны хлопец Віктар, які толькі прыйшоў з арміі, з’явіўся ў мясцовым клубе вёскі Гадавічы Аршанскага раёна на танцах. Не заў-важыць яго было немагчыма, бо Віктар Міхайлавіч добра граў на гармоніку. Тут ён і вылучыў сярод іншых дзяўчат сваю будучую жонку, якую, дарэчы, ведаў з дзяцінства. Звярнула ўвагу на гарманіста і Ганна Васільеўна. Гэта было каханне, як кажуць, з першага позірку: паміж хлопцам і дзяўчынай прабегла няўлоўная іскрынка, якую яны беражліва пранеслі праз дзесяцігоддзі, а галоўнае – яна і сёння працягвае саграваць цеплынёй, дабрынёй і пяшчотай. Віктар Міхайлавіч прапанаваў дзяўчыне руку і сэрца амаль у першы дзень знаёмства. «Гэта мяне крыху збянтэжыла, – прыз-наецца Ганна Васільеўна, – і я паставілася да слоў кавалера з недаверам. Але хутка Віктар разам з бацькамі завітаў да мяне ў сваты, а праз некалькі месяцаў сыгралі вяселле».

Жыць Віктар і Ганна Сянчылы стараліся дружна. Вырасцілі дачку. Шмат працавалі, а праца, лічыць Ганна Васільеўна, – асноўны стрыжань жыцця,  дабрабыту. «Яна ў мяне майстрыха на ўсе рукі, – зазначае Віктар Міхайлавіч. – І шые, і вяжа, і вышывае». Пацвярджэнне таму – вышываныя карціны на сценах у кватэры, пашытая і вязаная вопратка гаспадароў. «Залатыя» рукі і ў Віктара Сянчылы. Кожны вугалок кватэры аздоблены яго рукамі, нават мэблю рабіў сам, якую не адрозніць ад той, што прадаецца ў краме. Да таго ж, Віктар Міхайлавіч сам пабудаваў дачу ў Пагосце, дзе сямейная пара пражыла каля 20 гадоў. Ніколі не дзялілі яны работу на мужчынскую і жаночую. Заўсёды ў іх сям’і была ўзаемазамяняльнасць. Трымалі на дачы коз, парсючкоў, кур і гусей, паспявалі дапама-гаць і іншым людзям. Абодва гаспадары – ветэраны працы. Кожны з іх больш за 30 гадоў адпрацаваў на заводзе «Лёс».

– У сямейным жыцці бывае ўсякае, але трэба імкнуцца разумець таго, хто побач, паважаць і дапамагаць, – дзеліцца сваім сакрэтам сямейнага жыцця Ганна Васільеўна. – А яшчэ неабходна ўменне дараваць.

– Вельмі важнымі для мужа і жонкі з’яўляюцца цярпенне і шчырыя адносіны. Нездарма гавораць, што гэта дзве палавінкі, якія зліліся ў адно цэлае. Яны нават падобнымі знешне становяцца праз многія гады сумеснага жыцця, – дапаўняе жонку Віктар Міхайлавіч.

І сапраўды, яны падобныя, бо ад абоіх аднолькава зыходзяць запал і душэўнае цяпло. «Для мяне сям’я заўжды была і да гэтага часу застаецца тым месцам, дзе цёпла, утульна і куды хочацца вяртацца», – дадае Віктар Сянчыла.

Сямейны шлях Віктара Міхайлавіча і Ганны Васільеўны не быў усыпаны ружамі. Больш таго, ім давялося зведаць многа цяжкасцей, нягод і гора. Але ўсё гэта яны пераадольвалі з гонарам, годнасцю, мужнасцю, бязмерным цярпеннем і верай у будучае.

50 гадоў разам – лепшы доказ узаемнай любові, шчырай, праўдзівай, трывалай і праверанай часам. І калі глядзіш на гэтых па-сапраўднаму шчаслівых людзей, пачынаеш верыць: сапраўднае каханне ўсё ж такі існуе…

Анжэла ШУРДУКОВА

Добавить комментарий