Навукова-практычную канферэнцыю па гісторыі горада правялі ў Оршы

Падчас святкавання юбілею нашага горада дзіцячая школа мастацтваў №1 стала месцам правядзення міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Орша на парозе тысячагоддзя”, на якой былі разгледжаны новыя цікавыя старонкі гісторыі Аршанскага краю.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Інсты­тута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, саветнік Пасольства Республікі Польшчы Якуб Мушынскі і іншыя.
Пытанням захавання гісторыка-культурнай спадчыны на Аршаншчыне надаецца значная ўвага. Дзякуючы археалагічным і пісьмовым даследаванням вывучана ўжо нямала, аднак многія тэмы яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў.
На канферэнцыі разглядаліся самыя розныя тэмы. У цэнтры ўвагі была Орша старажытная, помнікі пісьменнасці, гісторыка-культурная спадчына, турыстычны патэнцыял краю, людзі Аршаншчыны, рэгіён у перыяд войн і рэвалюцый і іншае.
Вялікую цікавасць выклікала выступленне загадчыцы Цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі доктара гістарычных навук Вольгі Ляўко, якая ўзгадала пра вынікі археалагічных даследаванняў, якія праводзіліся на тэрыторыі Оршы з 1987 года, і спынілася на найбольш значных аб’ектах, знойдзеных пад зямлёй.
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Аршанскі райвыканкам і музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны.

Анжэла ШУРДУКОВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий