Сямейнае трыа: у «Цяплічным» збіраюць ураджай бацька і браты-блізняты Сінькевічы

У філіяле “Цяплічны” РУП “Віцебскэнерга” поўным ходам ідзе барацьба за ўраджай. Сёлета тут трэба ўбраць зерне з плошчы 1268 га пры сярэдняй ураджайнасці 44 ц/га. Чатыры экіпажы камбайнераў шчыруюць на жытнёвых палетках, два з іх – сямейныя.
Для вопытнага механі­затара Уладзіміра Сінь­кевіча сёлетняе жніво ў “Цяплічным” восьмае па ўліку, раней ён працаваў у “Межаве” (цяпер ААТ “Аршанскі райаграсэрвіс”). Уладзімір Уладзіміравіч з 16 гадоў у сельскай гаспадарцы, таму добра ведае цану хлебнага коласа. На яго плячах і пасяўная, і ўборачная кампаніі, але калі побач ёсць на-дзейная дапамога, з любымі цяжкасцямі можна справіцца. Свае плечы бацьку ўжо падстаўляюць дарослыя сыны. Іх у Уладзіміра Сінькевіча трое, ёсць яшчэ і дачушка. Старэйшы зараз служыць у арміі, а вось браты-блізняты Яўген і Кірыл на сёлетнім жніве ўпершыню працуюць памочнікамі камбайнераў. Прычым, Кірыл у адным экіпажы з бацькам. Такое сямейнае трыа – добры падмурак на шляху да поспехаў. А яны ў Сінькевічаў навідавоку. Экіпаж камбайнераў бацькі і сына з першых дзён жніва ў лідарах як у гаспадарцы, так і ў раёне.
Цікаўлюся ў юнакоў, якія ў іх уражанні ад першага працоўнага выпрабавання на жніве. Яўген і Кірыл усміхаюцца:
– Для нас гэта добрая практыка, – пачынае расказваць Кірыл. – Мы з братам вучымся на трэцім курсе Высокаўскага ліцэя. Хутка будзем вадзіцелямі-трактарыстамі. Бацька нас з дзяцінства на поле браў, мы яму заўсёды дапамагаем, таму ведаем працу хлебароба. Адзінае дрэнна – рана прыходзіцца прачынацца, ды і позна вяртаемся дадому.
– Нічога страшнага, гэта ўсё дробязі, – дадае бацька Уладзімір Уладзіміравіч. – Моладзі заўсёды хочацца больш паспаць раніцай, але хлебнае ніва чакаць не будзе. Зараз нельга губляць ніводнай хвіліны. Вопыт прыходзіць з гадамі. Яшчэ крыху, і прывыкнуць мае хлопцы да такога рэжыму.
Уладзімір Сінькевіч прызнаецца, што Яўген і Кірыл хутка ўсяму вучацца. А ў адной кабіне з сынам нават штурвал камбайна ён трымае з большай упэўненасцю.
Браты-блізняты, як і сам бацька, проста апантаныя тэхнікай. Для сябе яны ўжо канчаткова вырашылі, што абавязкова прадоўжаць сямейную дынастыю Сінькевічаў – застануцца працаваць на зямлі.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий