На Аршаншчыне пачынаецца рэспубліканскі пленэр жывапісу «Сівая легенда»

Аршаншчына сустрэне удзельнікаў рэспубліканскага пленэру жывапісу “Сівая легенда”. З 20 па 30 верасня мастакі праедуць праз увесь район, каб напісаць сваё прысвячэнне Оршы з нагоды яе 950-годдзя.

фота з сайта izo-life.ru мае ілюстрацыйны характар

Аргкамітэт тлумачыць, што “Сівая легенда” – сімвалічная назва пленэру. У ім прымуць удзел мастакі з аднаго з Уладзімірам Караткевічам пакалення. Некаторыя майстры былі знаёмы з беларускім класікам. Сярод жывапісцаў ёсць і прадстаўнікі Аршанскага краю. Пленэрам мастакі выкажуць падзяку роднай зямлі, якая стала для кожнага пачаткам усіх пачынанняў.

Ініцыятарам правядзення мерапрыемства і яго спонсарам стаў беларускі бізнесмэн, ураджэнец Аршанскага раёна. Па задумцы арганізатара, пленэр прадэманструе глыбокую сувязь чалавека з вытокамі, адлюструю ўнутраную культуру праз прыроднае багацце.

Вынікам пленэру стане выстава “Сівая легенда”. Экспазіцыю да юбілею горада прыхільнікі мастацтва ўбачаць у лістападзе ў Аршанскім музеі Ул. Караткевіча. Частка работ стане падарункам мастакоў гораду.

 

Добавить комментарий