Аршанцы ў складзе сельгасатрада будуць працаваць у Малдове

Выязны сельскагаспадарчы атрад “Сябры” імя Героя Савецкага Саюза Ефрасінні Савельеўны Зяньковай узяў курс на Малдову. Калектыў вялікі – больш за 30 чалавек. Правесці канікулы з пользай вырашылі сем аршанцаў.

Галоўны спецыяліст абкама БРСМ і камісар абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Вікторыя Кужалева рада, што ўпершыню за доўгі час саюз моладзі заключыў дагавор аб супрацоўніцтве з Рэспублікай Малдова. “Нашы хлопцы і дзяўчаты едуць на працу ў калгас “Перамога” ў сяле Капчак. Моладзь амаль да канца жніўня будзе збіраць персікі, слівы, вінаград. Ніхто не кажа, што будзе лёгка: байцоў чакае шасцідзённы працоўны тыдзень. Але і адпачыць час знойдзецца: запланавана вялікая забаўляльная, спартыўная, творчая праграма”, – патлумачыла Вікторыя.

У Малдову адправіліся студэнты і навучэнцы, якія родам з Віцебшчыны і вучацца ў вну і каледжах вобласці і Мінска. У складзе сельгас-
атрада будуць працаваць аршанцы Данііл Канчатаў з БНТУ, навучэнка каледжа ВДУ імя П. М. Машэрава Лізавета Грац, прадстаўнікі механіка-эканамічнага каледжа Леанід
Тарасевіч, Ілья Кароль, студэнт Полацкага дзяржуніверсітэта Мікіта Сырадоеў, будучы ветурач Мікіта Абіратка і студэнт Смаленскага ўніверсітэта Вячаслаў Чупрын.
Мікіта Абіратка перайшоў на другі курс Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і на першых студэнцкіх канікулах вырашыў падзарабіць і знайсці новых сяброў: “Адчуваю прыемнае хваляванне. Ні з кім з атрада пакуль не знаёмы. Да таго ж, упершыню еду ў іншую краіну без бацькоў. Але адпраўляюся ў дальнюю дарогу ў добрым настроі. Спадзяюся, што заробка хопіць на падрыхтоўку да вучэбнага года”.
Прыўзняты настрой і ў бацькоў, якія вырашылі праводзіць дзяцей у дарогу. Дарослыя лічаць, што такі вопыт будзе карысным для іх дочак і сыноў, моладзь знойдзе сапраўдных сяброў і вернецца дадому з добрымі ўражаннямі.

Марына СЯМАШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий