Ёсць такая служба…

Пра афіцэрскія пагоны начальнік аддзялення інфармацыйнага забеспячэння Аршанскага ГАУС Аляксей Кісель (на здымку) марыў з дзяцінства. Нават паступіў у Мажайскую ваенную акадэмію, але хутка сэрцам адчуў, што пайшоў не сваёй сцяжынкай… Пасля была вучоба ў Віцебскім політэхнічным тэхнікуме, работа сувязістам у родных Бешанковічах і атрыманне вышэйшай адукацыі ў Віцебскім педагагічным універсітэце. А затым лёс закінуў Аляксея ў Оршу, дзе ён уладкаваўся ў міліцыю, стварыў сям’ю. Так пачалася службовая дзейнасць маёра міліцыі Аляксея Анатольевіча Кіселя.

Асноўная задача інфармацыйнай службы Аршанскага ГАУС – апрацоўка інфармацыі. Гэта рэгістрацыя, размяшчэнне і ўлік у адзіным дзяржаўным банку сведак аб правапарушэннях, злачынствах, зарэгістраваных пракуратурай і судом, і г.д. Толькі за студзень 2011 года па адзінай кнізе Аршанскага ГАУС і аддзялення міліцыі г. Барані зарэгістравана 2428 заяў, паведамленняў аб злачынствах і адміністрацыйных правапарушэннях, з іх зарэгістравана заяў і паведамленняў аб злачынствах – 325.

Калектыў службы – гэта каманда аднадумцаў, людзі, якія адчуваюць усю ўскладзеную на іх адказнасць. Таму, калі спытаць у начальніка аддзялення інфармацыйнага забеспячэння пра рысы характару, уласцівыя тым, хто тут працуе, Аляксей Анатольевіч, не раздумваючы, адкажа: “Асаблівая ўважлівасць, скрупулёзнасць, дакладнасць”. І па-іншаму ў гэтай рабоце быць не павінна.

Цяжка зразумець, як сам Аляксей разбіраецца ва ўсіх паперах (а іх дзясяткі), якія за дзень прыходзіцца апрацоўваць і накіроўваць у адпаведныя службы. Дапамагае вопыт і ўменне канцэнтраваць увагу на самым галоўным. Быў час, калі Аляксей Кісель адзін займаўся апрацоўкай усёй інфармацыі і, трэба сказаць, паспяхова спраўляўся. Але сёння ў інфармацыйнай службе працуюць пяць чалавек, і гэта дае магчымасць кожнаму работніку весці адпаведны ўчастак работы, дэталёва апрацоўваць кожную паступаючую інфармацыю.

Для Аляксея Кіселя няма дробязей і ў жыцці. Ён прывык да кожнай справы адносіцца з вялікай адказнасцю. На першым месцы заўсёды была і застаецца сям’я, знаходзіць час і для заняткаў спортам, адпачынку на прыродзе. Лёсу Аляксей удзячны за тое, што Орша стала для яго родным горадам, дзе яму камфортна працаваць і жыць.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий