Зорны паход сустрэлі ў Оршы (+фота)

У панядзелак з Мінска ў розныя гарады адправіліся ўдзельнікі 54-га інтэрнацыянальнага Зорнага паходу па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Наш горад гасцінна прыняў атрады “Дзеці Эйнштэйна” і “Зорны фэст”.

Сёлета Зорны паход праводзіць Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Ён прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Больш за 300 чалавек у складзе 9 атрадаў наведваюць раёны Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. У Оршу прыехалі 60 студэнтаў. “Дзеці Эйнштэйна” прадстаўляюць фізічна-матэматычны факультэт, “Зорны фэст” – факультэт эстэтычнай адукацыі.

Атрады сапраўды інтэрнацыянальныя: да беларускай моладзі далучыліся студэнты Еўразійскага нацыянальнага ўніверсі­тэта імя Л. Гумілёва (Казахстан).
З чыгуначнага вакзала хлопцы і дзяўчаты ўзялі курс на Аршанскі каледж ВДУ імя П. М. Машэрава – гэты тыдзень яны будуць жыць у інтэрнаце навучальнай ўстановы. І ўжо ў першы дзень гасцей чакала насычаная праграма. Спачатку пабывалі ў Лядовай арэне на адкрыцці месячніка патрыятычнай работы, прысвечанага 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 30-годдзю вываду войск з Афганістана. Будучыя педагогі выканалі некалькі песень пра мір і Беларусь і падтрымалі апладысментамі нашых юных артыстаў.

Пасля госці разам с аршанскімі школьнікамі і членамі ваенна-патрыятычнага клуба ЮНЕСКА “Русічы” правялі мітынг ля Кургана Бессмяротнасці. Амаль 75 гадоў таму савецкія воіны вызвалілі Беларусь – і гэты подзвіг не павінен быць забыты. Перамогу кавалі разам народы былога СССР. І сімвалічна, што ў Зорны паход адправіліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцей.

Таксама ў аўторак будучых педагогаў чакалі ў сярэдняй школе № 17 – там прайшоў сяброўскі валейбольны матч.
Да канца тыдня студэнты будуць сустракацца з аршанскімі старшакласнікамі, правядуць проф­арыентацыйныя заняткі, майстар-класы, канцэрты, спартыўныя мерапрыемствы.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Даведка “АГ”

Удзельнікі Зорнага паходу працягваюць добрую традыцыю, якую заклалі студэнты ў часы СССР. Першы Ўсесаюзны паход моладзі па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы савецкага народа стартаваў у 1966 годзе. На карце яго маршрут нагадваў зорку – адсюль і пайшла назва штогадовага падарожжа.