На Аршаншчыне пачалі ўручаць юбілейныя медалі “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

На Аршаншчыне пачалі ўручаць юбілейныя медалі “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Першымі медалі атрымалі старэйшыя жыхары нашага рэгіёна, якія амаль дасягнулі векавога рубяжу ці перасягнулі яго.

Юбілейны медаль уручаюць У. Бразгунову

Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Ніне Юльеўне Нікулінай юбілейную ўзнагароду ўручылі якраз у дзень яе нараджэння. Разам з прадстаўнікамі ваенкамата і раённага савета ветэранаў да 99-гадовай імянінніцы ва ўтульны дворык яе дома завіталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Дабрыніна, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў. Такую значную падзею не прамінулі і выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба ЮНЭСКА “Русічы”, якія тут, дарэчы, частыя госці і актыўныя памочнікі.

Віншаванні прымае Н. Нікуліна

Для Ніны Юльеўны быў дадзены сапраўдны канцэрт: гучалі песні, вершы, цёплыя словы віншаванняў і падзякі. Ветэран прайшла ўсю вайну, была медсястрой палявога шпіталя, які суправаджаў фронт, вызваляла Оршу. На памяць аб сустрэчы імянінніцы застанецца не толькі юбілейны медаль, але і Ганаровая грамата Віцебскага аблвыканкама, а таксама фотаздымкі.

У гэты ж дзень памятную ўзнагароду ўручылі і ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміру Емяльянавічу Бразгунову. Да віншаванняў намесніка начальніка мабілізацыйнага аддзела ваеннага камісарыята Аршанскага і Дубровенскага раёнаў маёра Сяргея Пазнякова і старшыні раённага савета ветэранаў Зінаіды Хайчанка далучыліся моладзь сярэдняй школы № 4 і прадстаўнікі Аршанскіх электрычных сетак філіяла РУП “Віцебскэнерга”. Уладзімір Емяльянавіч у гады Вялікай Айчыннай служыў у контрразведцы. У мірны час больш за паўвеку працаваў вадзіцелем у электрычных сетках.

Яшчэ адзін юбілейны медаль сярод першых атрымаў Іван Андрэевіч Маісееў. Ён таксама прымаў у кватэры цэлую дэлегацыю з падарункамі і кветкамі. За мірнае неба над галавой вэтерану дзякавалі вучні і настаўнікі СШ № 20, старшыня райкома прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Макарава.

І. Маісееў з вучнямі СШ № 20

У гады вайны Іван Андрэевіч быў камандзірам аддзялення тапографаў пры гаўбічным артылерыйскім палку, абараняў Магілёў. Пасля вайны пасвяціў сваё жыццё педагагічнай дзейнасці, а таксама быў пазаштатным карэспандэнтам шматлікіх газет.

Да канца чэрвеня юбілейныя медалі ўручаць усім франтавікам і тым, хто ўнёс свой уклад у Вялікую Перамогу. На сённяшні дзень у Аршанскім рэгіёне пражываюць 99 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Анжэла ШУРДУКОВА.
Фота аўтара.